Старонка:Бедныя людзі.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

распытвацца пачнуць, гутаркі пойдуць, плёткі пойдуць справе нададуць іншы сэнс. Не, анёлак мой, я ўжо лепей заўтра на ўсяночнай пабачу; гэта будзе больш разважна і абаім нам ня так шкодна. Ды выбачце, мне, матачка, за тое, што я вам такі ліст напісаў; як перачытаў, дык і бачу, што ўсё так няскладна. Я, Барбарачка, стары, нявучоны чалавек; змоладу ня вучыўся, а цяпер і ў розум нічога ня пойдзе, калі зноў вучыцца пачынаць. Прызнаюся, матачка, ня майстар апісваць, і ведаю, бяз нічыйго чужога паказу і кпін, што калі захачу што-небудзь напісаць больш мудрагельнае, дык бязглузьдзіцы нагараджу. - Бачыў вас каля акна сёньня, бачыў, як вы штору апусьцілі. Бывайце, бывайце, захоўвай вас бог! Бывайце, Барбара Аляксееўна.

Ваш бескарысны сябра

Макар Дзевушкін.

P. S. Я, родная мая, сатыры ні на каго ня пішу цяпер. Астарэў я, матухна, Барбара Аляксееўна, каб з пустога выскаляцца! І з мяне пасьмяюцца па расейскай пагаворцы: - хто другому яму капае, дык той... і сам туды-ж.

Красавіка 9.

Шаноўны васпан

Макар Аляксеевіч!

Ну, як вам ня сорамна, сябра мой і дабрадзей, Макар Аляксеевіч, так змаркоціцца і закапрызьнічаць. Няўжо вы пакрыўдзіліся!