Старонка:Бедныя людзі.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тым і займалася. Агонь дык мы з ёю разам палілі, так за адным сталом і працавалі. Унучка ў яе Марыська была — дзіцянём яшчэ памятаю яе — гадоў трынаццаці цяпер будзе дзяўчына. Такая свавольніца была, вясёленькая, усё нас сьмяшыла; вось мы ўтраіх так і жылі. Бывала, у доўгі зімовы вечар сядзем за круглы стол, вып ем гарбаткі, а пасьля і за справу возьмемся. А бабулька, каб Марысьцы ня нудна было, ды каб не сваволіла свавольніца, казкі, бывала, пачне баяць. І якія казкі былі! Ня тое, што дзіця, а і разважлівы і разумны чалавек заслухаецца. Чаго там, сам, бывала, куру сабе люльку, ды так заслухаюся, што і на справу забудуся. А дзіця, вольніца наша, замысьліцца; падапрэ ручкай ружовую шчотку, роцік свой разявіць прыгожанькі, і калі крыху ледзь страшнаватая казка, дык туліцца, туліцца да бабулькі. А нам дык да спадобы было пазіраць на яе; і не заўважыш, як сьвечка нагарыць, ня чуеш, як на двар часамі і завея лютуе, і мяцеліца мяце. — Добра было нам жыць, Барбарачка; і вось гэтак мы амаль дваццаць год разам пражылі. — Ды што я тут забалбатаўся! Вам, можа быць, такая матэрыя не да спадобы, ды і мне ўспамінаць ня так лёгка. Асабліва цяпер, у сутоньне. Тарэза з чымсьці возіцца, у мяне баліць галава ды і сьпіна крыху баліць, ды і думкі такія дзіўныя, быццам-бы і яны таксама баляць; маркотна мне сёньня, Барбарачка! — Што-ж гэта вы пішаце, родная мая? Як-жа я да вас прыду? Галубок мой, што людзі скажуць? Вось цераз двор-жа перайсьці трэба будзе, нашы заўважаць,