Старонка:Бедныя людзі.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэтага! Пасьля ўжо як толькі агледзеўся, дык зрабілася зноў усё які раней — і шэранька, і цёмненька. Усё тыя-ж чарнільныя плямы, усё тыя-ж сталы і паперы, ды і я ўсё такі-ж; такім, якім быў, якраз-жа такім і застаўся, дык чаго-ж тут было на Пэгасе тым езьдзіць? Ды з чаго гэта вышла ўсё? Што сонейка выплыла, ды неба павесялела! Ад гэтага ці што? Ды і якія гэта водары такія, калі на нашым дварэ пад вокнамі чаго-ж толькі ня бывае! Відаць, гэта мне ўсё з дурасьці так здалося. А вось здараецца-ж часамі заблудзіць так чалавеку ва ўласных пачуцьцях сваіх, ды пачаць плявузгаць. Гэтае бывае ні ад чога іншага, як ад дурной празьмеру гарачкі сэрца. Дамоў-то я ня прышоў, а прыплёўся; ні з таго, ні з сяго ў мяне разбалелася галава: ужо гэта, відаць, усё адно ад аднаго. (У сьпіну ці што прадзьмула мне). Я вясьне абрадаваўся дурань-дурнем, ды ў халодным шынялі пайшоў. І ў пачуцьцях вы маіх памыліліся, родная вы мая! Наплыў іх зусім інакш прынялі. Айцоўская прыязьнь давала мне натхненьне, выключна чыстая айцоўская прыязьнь, Барбара Аляксееўна; бо-ж я заступаю ў вас месца бацькі роднага, у вашым чорным сіроцтве; кажу гэта ад душы, ад чыстага сэрца, як радня, хоць, як кажа пагаворка, і сёмая вада на кісялі, а ўсё-такі радня і апякун; бо-ж там, дзе вы бліжэй усяго мелі права шукаць апякунства і абароны, знайшлі вы здраду і крыўду. А пра вершы скажу я вам, матачка, што няпрыстойна мне на старасьці гадоў у складаньні вершаў практыка-