Старонка:Бедныя людзі.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падрабязна, пра ваша жыцьцё-быцьцё. Што за такія людзі вакол вас, і ці злагадна з імі жывіцё? Мне вельмі хочацца ўсё гэта ведаць. Глядзеце-ж, абавязкова напішэце! Сёньня я ўжо знарок ражок загну. Кладзецеся раней; учора я да поўначы ў вас агонь бачыла. Ну, бывайце. Сёньня і маркота, і нудна, і сумна! Відаць дзень ужо такі! Бывайце.

Ваша Барбара Добрасёлава.

Красавіка 8.

Шаноўная васпані

Барбара Алякеееўна!

Так, матачка, так, родная мая, відаць ужо дзянёк такі на маю долю гаротную выпаў! Так, пажартавалі вы нада мной, старым, Барбара Аляксееўна! Хоць праўда, сам вінаваты, ва ўсім вінаваты! Ня пускацца-б на старасьці гадоў з касмыком валасоў у залёты ды ў падміргаванкі.. І яшчэ скажу, матачка: дзівак часамі чалавек, вялікі дзівак. І, сьвятыя вы мае! Пра што пагаварыць падшыбне часамі! А што выходзіць, вось, што вынікае з гэтага, вось? Ды можна сказаць нічога не вынікае, а выходзіць гэткая дрэнь, што ховай божа! Я, матачка, я ня гневаюся, а так толькі крыўдна вельмі ўспамінаць пра ўсё, крыўдна, што я вам напісаў такімі выкрутасамі і не да сэнсу. І на службу я пайшоў сёньня такім фарсуном з паліваным носам, зьзяньне такое было на сэрцы. На душы ні з таго, ні з сяго гэтакае сьвятло было! За паперы ўзяўся так дбайна — ды што вышла пасьля з