Старонка:Бедныя людзі.pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Верасьня 9.

Матачка, Барбара Аляксееўна!

Пішу да вас ня чуючы сябе. Я увесь усхваляваны страшэннай прыгодай. Галава мая круціцца вакол. Я адчуваю, што ўсё вакол мяне круціцца. Ах, родная мая, што я раскажу вам цяпер! Вось, мы і не прадчувалі гэтага. Не, я ня веру, каб я не прадчуваў; я ўсё гэта прадчуваў. Усё гэта раней чула маё сэрца! Я нават надовечы ў сьне штосьці бачыў падобнае.

Вось што здарылася! — Раскажу вам няскладна. А так, як мне на душу бог паложыць. Пашоў сёньня я на пасаду. Прышоў, сяджу, пішу. А трэба вам ведаць, матачка, што я і ўчора пісаў таксама. Ну, дык вось, учора падыходзіць да мяне Цімох Іванавіч, і асабіста пачаў настаўляць, што — вось, значыцца, папера патрэбная, сьпешная, перапішэце, кажа, Макар Аляксеевіч, як найчысьцей, хутка і акуратна; сёньня на подпіс ідзе. — Заўважыць вам трэба, анёлачак, што ўчарайшы дзень быў я сам ня свой, ні на вошта і глядзець не хацелася. Сум, нуда такая напала! На сэрцы зябка, на душы цёмна; у памяці ўсё вы былі, мая бедная ясачка. Ну, вось, я і ўзяўся перапісваць; перапісаў чыста, хораша, толькі ўжо ня ведаю, як вам больш дакладна сказаць, ці сам д'ябал мяне зьбіў, або таямнічным лёсам якім вызначана было, або проста так павінна было стацца: — толькі прапусьціў я цэлы радок; сэнс дык і вышаў, бог яго ведае які, проста ніякага ня выйшла. З паперай учора спазьніліся і падалі яе на подпіс яго сьвет-