Старонка:Бедныя людзі.pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бунку не вінаваты». Справа гэта яго крыху запляміла, — яго выкінулі з службы, і хоць не знайшлі, што ён капітальна вінаваты, але да поўнага свайго апраўданьня ён да гэтага часу ня можа выпатрабаваць ад купца якойсьці прыстойнай сумы грошай, якая яму належыць, і перад судом якую ён дамагаецца. Я яму веру, ды суд яму на слова ня верыць; справа-ж яна такая, што ўсё ў кручкох ды ў вузлох такіх, што за сто год не разблытаеш. Ледзь крыху разблытаеш, а купец яшчэ кручок, ды яшчэ кручок, я сардэчна спачуваю Гаршкову, родная мая, падзяляю яго бяду. Чалавек без пасады; за ненадзейнасьць нікуды ня прымаюць; які быў запас, праелі; справа заблытаная. А між тым жыць трэба было; а між тым ні з таго, ні з сяго, зусім недарэчы, дзіцянё радзілася, — ну вось выдаткі; сынок захварэў — выдаткі, памёр — выдаткі; жонка хворая; ён хворы на застарэлую хваробу якуюсьці: адным словам, пацярпеў, як мае быць пацярпеў. Аднак, кажа, што чакае на днях добрага для сябе вырашэньня свае справы, і што ўжо ў гэтым цяпер і сумненьня няма ніякага. Шкада, шкада, вельмі шкада яго, матачка! Я яго ўцешыў, чалавекжа ён загнаны, запужаны; апекі шукае, дык вось я яго і ўцешыў. Ну, бывайце-ж, матачка, бог з вамі, бывайце здаровы. Галубок вы мой! Як успомню пра вас, дык- быццам лякарства прыкладу да хворай Душы маёй, і хоць і цярплю за вас, але і цярпець за вас мне лёгка.

Ваш сапраўдны сябра

Макар Дзевушкін.