Старонка:Бедныя людзі.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

можа сказаць. Я яго пасадзіў на крэсла, праўда, на зламанае, але іншага ня было. Гарбаткі запрапанаваў. Ён прасіў прабачэньня, доўга прасіў прабачэньня, нарэшце, аднак-жа, узяў шклянку. Хацеў быў бяз цукру піць, пачаў зноў прасіць прабачэньня, калі пачаў я запэўніваць яго, што трэба ўзяць цукру; доўга спрачаўся, адмаўляўся, нарэшце, укінуў у сваю шклянку самы маленькі драбок і пачаў упэўніваць, што гарбата надзвычайна салодкая. Эх, да ўніжэньня якога даводзіць людзей жабрацтва!-«Ну, як-жа, што, чалавеча?» — сказаў я яму. — «Ды вось так і так, значыцца, дабрадзей вы мой, Макар Аляксеевіч, зрабеце ласку боскую, зрабеце дапамогу сям'і няшчаснай: дзеці і жонка, есьці няма чаго; бацьку, мне, кажа, якаво!» Я хацеў быў загаварыць, ды ён мяне перабіў: «я, значыцца, усіх баюся тут, Макар Аляксеевіч, гэта значыцца, на тое, што баюся, а так, ведаеце, сорамна; людзі-ж яны ўсё ганаровыя, з фанабэрыяй. Я, кажа, вас-бы, бацечка і дабрадзей мой, і не турбаваў-бы; ведаю, што ў вас саміх няпрыемнасьці былі, ведаю, што вы шмат чаго і ня можаце даць, але хоць што-небудзь пазычце; і таму, кажа, прасіць вас асьмеліўся, што ведаю ваша добрае сэрца, ведаю, што вы самі жылі ў бядзе, што самі і цяпер бяду адчуваеце, — і што сэрца вось вашае таму і адчувае іншых пакуты». — Скончыў-жа ён тым, што, значыцца, прабачце маю гарэзьлівасьць і мае няпрыстойнасьці, Макар Аляксеевіч. — Я адказваю яму, што рад-бы душой, ды што няма ў мяне нічога, роўна няма нічога. — «Бацечка, Макар Аляксеевіч, кажа ён