Старонка:Бедныя людзі.pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з гнілымі яблыкамі, і ўсё такія брудныя, мокрыя жанкі. Нудна па Фантанцы гуляць! Мокры граніт пад нагамі, па бакох дамы высокія, чорныя, закураныя; пад нагамі туман, над галавой таксама туман. Такі густы, такі цёмны быў вечар сёньня.

Калі я зьвярнуў на Гарохавую, дык ужо зьмяркалася зусім, і газ запальваць пачалі. Я подаўна ня быў на Гарохавай; не ўдавалася. Шумная вуліца! Якія крамы, магазыны багатыя; усё так і блішчыць, і гарыць, матэрыя, кветкі пад шклом, розныя капялюшы з істужкамі. Падумаеш, што гэта ўсё так, дзеля красы раскладзена; дык не; ёсьць-жа людзі, што ўсё гэта купляюць і сваім жонкам дораць. — Багатая вуліца! Нямецкіх булачнікаў вельмі шмат жыве на Гарохавай; таксама, мабыць, народ у вялікіх дастатках. Колькі карэт раз-по-раз езьдзіць; як гэта ўсё брук выносіць! Шыкозныя фаэтоны такія; шклы як люстры, з сярэдзіны аксаміт і ядваб; лёкаі дваранскія ў эпалетах пры шпагах. Я ва ўсе карэты заглядаў, усё пані сядзяць. Такія разадзетыя; можа быць і княжны, і графіні. Мабыць, пара была такая, што ўсе на балі і на зборышчы сьпяшаліся. Цікава пабачыць княгіню, і наогул багатую паню зблізку; мабыць, вельмі хораша; я ніколі ня бачыў; хіба вось так, як цяпер, у карэту зазірнеш. Пра вас я тут успомніў; ах, галубок мой, родная мая! як успомню цяпер пра вас, дык усё сэрца занывае! Чаму вы, Барбарачка, такая нешчасьлівая, Анёлачак мой, ды чым-жа вы горш іх усіх? Вы ў мяне добрая, прыгажуня, вучоная; чаму-ж вам гэтакі злы лёс выпаў на