Старонка:Бедныя людзі.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жніўня 11.

Барбара Аляксееўна!

Галубок мой, матачка! Прапаў я, прапалі мы абое, абое разам, назаўсёды прапалі. Мая рэпутацыя, амбіцыя — ўсё заплямлена, усё згублена! Я згінуў, і вы згінулі, матачка, і вы, разам са мной, назаўсёды згінулі! Гэта я, я вас у пагібель увёў! Мяне гоняць, матачка, ненавідзяць, на сьмех падымаюць, а гаспадыня проста мяне лаяць пачала. — Крычала, крычала на мяне сёньня, дапякала-дапякала мяне, ніжэй трэскі паставіла. А вечарам у Ратазяева хтосьці з іх пачаў услых чытаць адзін ліст чарнавы, які я вам напісаў, ды ўраніў няпрыкметна з кішані. Матухна мая, якія яны кпіны ўзьнялі! Вялічалі-вялічалі нас, рагаталі-рагаталі, здрайцы! Я зайшоў да іх, і злавіў Ратазяева на здрадніцтве; сказаў яму, што ён здрайца. А Ратазяеў адказаў мне, што я сам здрайца, што я канкетамі рознымі займаюся; кажа, вы хаваліся ад нас, вы, вось, Ловелас; і цяпер усе мяне Ловеласам завуць; і імя іншага няма ў мяне! Ці чуеце, анёлачак мой, ці чуеце! Яны цяпер усё ведаюць, пра ўсё даведаліся, і пра вас, родная мая, ведаюць, і пра ўсё, што толькі ёсьць у вас, пра ўсё ведаюць! Да чаго! і Фальдоні туды-ж, і ён заадно з імі; паслаў я яго сёньня ў кілбасную, так, прынесьці таго-сяго; ня ідзе ды і годзе; справа ёсьць, кажа! Ды гэта-ж мой твой абавязак, — я кажу. — «Ды не, — кажа, ня абавязак; вы вунь маёй пані грошай ня плаціце, дык і ня мой абавязак». Я ня выцярпеў ад яго, ад цёмнага мужыка, абразы, ды і сказаў яму дурное слова; а ён