Старонка:Бедныя людзі.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вам аддам, у тэрмін аддам, і што я яшчэ да тэрміну аддам, што і процант няхай які хоча бярэ, і што я яй-богу аддам. Я, матачка, у гэты момант вас успомніў, усе вашы пакуты і патрэбы ўспомніў, ваш паўрубельчык успомніў, — ды не, кажа, што процанты, вось калі-б заклад! А то ў мяне грошай няма, яйбогу няма; я, кажа, з задаваленьнем-бы, — яшчэ і пабажыўся, разбойнік!

Ну, тут ужо, родная мая, я і ня памятаю, як выйшаў, як прайшоў Выбарскую, як на Васкрасенскі мост папаў, замарыўся страх як, празяб, прамёрз, і толькі ў дзесяць гадзін на службу пасьпеў зьявіцца. Хацеў быў сябе абчысьціць ад гразі, ды Сьнегіроў вартаўнік сказаў, што нельга, што шчотку сапсуеш, а шчотка, кажа, панок, казённая. Вось яны як цяпер, матачка, так што я і ў гэтых паноў ледзь ня горш анучкі, аб якую ногі выціраюць. Мяне што, Барбарачка, забівае? — ня грошы мяне забіваюць, а ўсе гэтыя клопаты жыцьцёвыя, усе гэтыя шэпты, усьмешачкі, жарцікі. Яго сьветласьць няпрыкметна, як-небудзь могуць сказаць пра мяне нядобрае, — ах, матачка, часы мае мінулі залатыя! Сёньня перачытаў я вашы лісты; сумна, матачка! Бывайце, родная, бог, вас барані!

М. Дзевушкін.

P. S. Гора-ж маё, Барбарачка, хацеў я вам апісаць папалам з жарцікам, толькі, відаць, яно не даецца мне, жарцікі ўсё. Вам хацелася дагадзіць. — Я да вас зайду, матачка, абавязкова зайду, заўтра зайду.