Старонка:Бедныя людзі.pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стаіць, стол круглы, рэзэда, бальзаміначкі, — думаю-думаю, ці не пайсьці мне па-добраму, паздароваму, пайсьці ці не? І вось ей-ей, матачка, хацеў уцячы! Я лепш, думаю, заўтра зайду; і пагода лепшая будзе, і я перачакаю, — а сёньня вунь і малако разьліта, і генэралы пазіраюць якіясьці сярдзітыя... Я ўжо і да дзьвярэй, ды ён зайшоў, — так сабе, сівенькі, вочкі такія пранырлівыя, у халаце зашмальцаваным і вяровачкай падпіразаны. Пазнаёміўся з чым і як, а я яму: вось, так і так, вось Амельян Іванавіч, — рублёў сорак; справа такая, — ды і не дагаварыў. Па вачох яго пабачыў, што праіграна справа. «Не, ужо што, кажа, справа, у мяне грошай няма, а што ў вас заклад, ці што, які?» Я быў пачаў тлумачыць, што, вось, закладу няма, а вось Амельян Іванавіч, — тлумачу, адным словам, што трэба. Выслухаў усё, — не, што Амельян Іванавіч! у мяне грошай няма. — Ну, думаю, так, усё так; ведаў я пра гэта, прадчуваў — ну, проста, Барбарачка, лепш-бы было, калі-б зямля пада мной расступілася; мароз такі, ногі адубелі, мурашкі па сьпіне забегалі. Я на яго пазіраю, а ён на мяне пазірае, ды амаль ня кажа што, — вось, ідзі ты, брат, тут табе няма чаго рабіць, — так што, калі-б у іншым выпадку, было тое-ж самае, дык зусім-бы засароміўся. — Ды што вам, навошта грошы патрэбны? — (вось пра што запытаўся, матачка!). Я аж рот разявіў, каб толькі не стаяць дарам, ды ён і слухаць не захацеў — не, кажа, грошай няма; я, кажа, з задаваленьнем бы. Ужо я яму спускаў, спускаў, кажу, што я-ж крыху, я вось, кажу,