Старонка:Бедныя людзі.pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

абставінах, але на вас аднаго ўся надзея мая! Бывайце, Макар Аляксеевіч, памысьліце пра мяне, і дай вам бог посьпеху!

Б. Д.

Жніўня 4.

Галубок мой, Барбара Аляксееўна!

Вось гэтыя ўсе ўдары нечаканыя і непакояць мяне! Вось гэтакая страшэнная бяда і забівае дух мой! Апрача таго, што ганьня гэтых лізуноў розных і дзядулек нягодных вас, майго анёлачка, да хваробы давесьці хочуць, апрача ўсяго гэтага, яны і мяне, лізуны гэтыя, зьвесьці з сьвету хочуць. І зьвядуць, клянуся, што зьвядуць! Вось я цяпер хутчэй памерці гатоў, як вам не дапамагчы! — Калі не дапамагу я вам, дык ужо тут сьмерць мая, Барбарачка, тут ужо чыстая, сапраўдная сьмерць, а калі дапамагу, вы тады ад мяне адляціцё, як птушачка з гнязьдзецка, якую совы гэтыя, драпежныя птушкі заклёваць сабраліся. Вось гэта мяне і мучыць, матачка! Ды і вы-ж, Барбарачка, вы-ж якія жорсткія! Як-жа вы гэта? Вас мучаць, вас крыўдзяць, вы, птушанётка маё, пакутуеце, ды яшчэ гаруеце, што мяне непакоіць павінны, ды яшчэ абяцаеце доўг адрабіць, гэта значыць, па праўдзе сказаць, нішчыць будзеце ваша здароўе слабенькае, каб мяне да тэрміну выручыць. Ды вы-ж, Барбарачка, толькі памысьліце, што вы кажаце! Ды навошта-ж вам шыць, навошта-ж працаваць, галоўку сваю бедную клопатам мучыць, вашы вочкі прыгожанькія псаваць і здароўе сваё