Старонка:Бедныя людзі.pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

забіваць? Ах, Барбарачка, Барбарачка, ці бачыце, галубок мой, я нікуды ня годны, і сам ведаю, што нікуды ня годны, але я зраблю так, што буду прыгодны! Я ўсё перамагу, я сам работы пабочнай дастану, перапісваць буду розныя паперы розным літаратарам, пайду да іх, сам пайду, навяжуся на работу; таму што яны, матачка, шукаюць добрых пісцоў, я гэта ведаю, што шукаюць, а вам сабе марнаваць ня дам; намеру, якім вы сябе загубіць можаце, ня дам вам выканаць. Я, анёлачак мой, абавязкова пазычу, і хутчэй памру, як не пазычу. І пішаце, галубка вы мая, каб я процанту не спалохаўся вялікага; і не палохаюся, матачка, не спалохаюся, нічога цяпер не спалохаюся. Я, матачка, папрашу сорак рублёў асыгнацыямі; няшмат-жа, Барбарачка, як вы мысьліце? Ці можна сорак гублёў мне з першага слова паверыць, гэта значыць, я хачу сказаць, ці лічыце вы мяне здольным пераканаць, з першага погляду, магчымасьць і даверлівасьць? З твару, па першаму погляду, ці можна меркаваць пра мяне з добрага боку? Вы ўспомніце, анёлачак, ці здольны я да пераконаньня? Як вы там на сябе разьлічваеце? Ці ведаеце, сполах такі адчуваецца, — хваравіта, праўду сказаць, хваравіта! З сарака рублёў дваццаць пяць адкладаю на вас, Барбарачка, два рублі гаспадыні, а рэшта вызначана на асабістыя траты. Ці бачыце, гаспадыні варта-б даць і больш, нават патрэбна; але вы ўкемце ўсю справу, матачка, пералічэце ўсе мае патрэбы, дык і пабачыце, што ужо ніяк нельга больш даць, значыцца, няма