Старонка:Бедныя людзі.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Заўважу вам, Барбара Аляксееўна, што ў ведамстве я сяджу побач з Амельянам Іванавічам. Гэта ня з тым Амельянам, якога вы ведаеце. Гэты, таксама, як і я, тытулярны райца, і мы з ім на ўсім нашым ведамстве ледзь ня самыя старыя, тубыльныя служакі. Ён добрая душа, бескарысная душа, ды негаманкі такі, і заўсёды сапраўдным мядзьведзем паглядае. Затое дзелавы, пяро ў яго — чысты ангельскі почарк, і калі ўжо ўсю праўду сказаць, дык ня горш за мяне піша, — чалавек годны пашаны! Блізка мы з ім ніколі ня зыходзіліся, а так толькі, па звычаю, бывайце ды дзень добры; ды калі часамі мне ножык спатрэбіцца, дык здаралася, папрашу — вось, дайце, Амельян Іванавіч, ножычка, адным словам, было толькі тое, што агульным памяшканьнем патрабуецца. Вось ён і кажа мне сёньня: Макар Аляксеевіч, чаго вы так замаркоціліся? Бачу я, што дабра жадае мне чалавек, ды і адкрыўся яму — кажу, так і так, Амельян Іванавіч, г. зн. усяго не сказаў, ды і божа барані, ніколі не скажу, таму што сказаць не хапае духу, а так у сім-тым адкрыўся яму, што вось сьціснуты, і да гэтага іншае. «А вы, васпан», кажа Амельян Іванавіч, «вы-б пазычылі; вось хоць-бы ў Пятра Пятровіча; ён дае на процанты; я пазычаў; і процант бярэ прыстойны — пад сілу». Ну, Барбарачка, заскакала ў мяне сэрцайка. Думаю-думаю, а можа бог яму на душу паложыць, Пятру Пятровічу, дабрадзею, ды і дасьць ён мне пазычку. Сам ужо і разьлічваю, што вось-бы і гаспадыні заплаціў, і вам-бы дапамог, ды і сам-бы падрапараваўся, а то