Старонка:Бедныя людзі.pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта мяне зьдзівіла, Макар Аляксеевіч. Ах, сябра мой! няшчасьце заразьлівая хвароба. Нешчасьлівым і бедным трэба абыходзіць адзін аднаго, каб яшчэ больш не заразіцца. Я прынесла вам гэтулькі няшчасьця, якога вы і ня пробавалі раней у вашым скромным і сіроцкім жыцьці. Усё гэта мучыць і забівае мяне.

Напішэце мне цяпер усё адкрыта, што з вамі было, як вы адважыліся на такі ўчынак. Супакойце мяне, калі можна. Ня гонар прымушае мяне пісаць цяпер пра мой супакой, але маё сяброўства і каханьне да вас, якія ніколі не забудуцца ў маім сэрцы. Бывайце. Чакаю адказу вашага з нецярплівасьцю. Вы нядобрае думалі пра мяне, Макар Аляксеевіч.

З сардэчным да вас каханьнем

Барбара Дабрасёлава.

Ліпеня 28.

Даражэнькая мая Барбара Аляксееўна!

Ну ўжо, як цяпер усё скончана, і ўсё памаленьку прыходзіць, як было і раней, дык вось што скажу я вам, матачка: вы непакоіцеся пра тое, што пра мяне падумаюць, на што сьпяшаюся паведаміць вам, Барбара Аляксееўна, што амбіцыя мая мне даражэй усяго. З гэтае прычыны, даводзячы да ведама вам пра няшчасьці мае і пра ўсе гэтыя непарадкі, паведамляю вас, што з начальства яшчэ ніхто нічога ня ведае і ня думае ведаць, з гэтае прычыны яны ўсе будуць паважаць мяне, як і раней. Аднаго баюся: плётак баюся. Дома ў нас толькі гаспадыня крычыць,