Старонка:Бедныя людзі.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзяванка пужае мяне не на жарты. Вы кажаце, што каханьне ваша да мяне прымусіла вас таіцца ад мяне. Але і тады ўжо бачыла, што вы траціцеся на мяне, калі вы запэўнялі, што выдаткуеце на мяне толькі запасныя грошы свае, якія, як казалі, у вас у лямбардзе на кожны выпадак ляжалі. Цяпер-жа, калі я даведалася, што ў вас зусім ня было аніякіх грошай, што вы, выпадкова даведаўшыся пра маё бядацкае становішча, якое вас расчуліла, вырашылі выдаткаваць сваю пэнсію, забраўшы яе наперад, і прадалі нават свой гарнітур, калі была я хворая, — цяпер я дазнаўшыся пра ўсё гэта, апынулася ў такім пакутлівым становішчы, што да гэтага часу ня ведаю, як прыняць усё гэта і што думаць пра гэта. Ах! Макар Аляксеевіч! вы павінны былі спыніць сябе на першых дабрачыннасьцях сваіх, навеяных вам спачуваньнем да маіх пакут і сваяцкім каханьнем, а ня траціць грошай далей на непатрэбнае. Вы здрадзілі сяброўству нашаму, Макар Аляксеевіч, таму што ня былі адкрытымі са мною, і цяпер, калі бачу я, што ваша апошняе пайшло мне на ўбёры, на цукеркі, на спапыры, на тэатр і на кніжкі, — дык за ўсё гэта я цяпер надта шкадую і ніяк дараваць не магу сабе свае ветранасьці (бо я прымала ад вас усё, ня дбаючы пра вас саміх); і ўсё тое, чым вы хацелі мне прынесьці асалоду, сталася цяпер горам маім і пакінула па сабе адну непатрэбную крыўду. Я заўважыла ваш сум у апошнія часы, і хоць тужліва чакала чагосьці, але тое, што здарылася цяпер, мне і ў голаў ня прыходзіла. Як! вы да такой ступені