Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трынаццаці, у ярка-чырвоным паркалёвым плацці, якая пужліва выглядала з-за дзвярэй, — прынясі барыні шклянку вады — на падносе, чуеш? — а вас, панове, — дадаў ён з нейкаю старамоднаю гуллівасцю, — дазвольце папрасіць у габінет да адстаўнога ветэрана.

— Хоць яшчэ разочак дай абняць цябе, Енюшачка, — прастагнала Арына Влас’еўна, Базараў нагнуўся да яе. — Ды які-ж ты красаўчык стаў!

— Ну, красаўчык не красаўчык, — заўважыў Васілій Іванавіч, — а мужчына, як кажуць: омфе[1]. А цяпер, я спадзяюся Арына Влас’еўна, што, насыціўшы сваё мацярынскае сэрца, ты паклапоцішся, каб насыціць сваіх дарагіх гасцей, таму што, табе вядома, салаўя байкамі карміць не трэба.

Старэнькая прыўстала з крэсла. — Зараз-жа, Васілій Іваныч, усё будзе на стале, сама ў кухню збегаю і самавар паставіць загадаю, усё будзе, усё. Тры-ж гады яго не бачыла, не карміла, не паіла, ці лёгка-ж?

— Ну, глядзі-ж гаспадынька, клапаціся, не асаромся; а вас, панове, прашу за мною ісці. Вось і Цімафеіч з’явіўся да цябе на паклон, Еўгеній. І ён, бадай, узрадаваўся, стары барбос. Што? узрадаваўся-ж, стары барбос? Міласці просім за мной.

І Васілій Іванавіч мітусліва пайшоў наперад, шорхаючы і пляскаючы стаптанымі туфлямі.

Увесь яго дамок складаўся з шасці драбнюткіх пакояў. Адзін з іх, той, куды ён павёў нашых прыяцеляў, называўся габінетам. Тоўстаногі стол, завалены пачарнелымі ад даўняга пылу, нібы пракопчанымі, паперамі, займаў увесь прамежак паміж двума вокнамі; па сценах віселі турэцкія стрэльбы, бізуны, шаблі, дзве ландкарты, нейкія анатамічныя малюнкі, партрэт Гуфеланда, вензель з валос у чорнай рамцы і дыплом пад шклом; скураная, там-сям праціснутая і раздзёртая, канапа стаяла паміж двума вялікімі шафамі з карэльскай бярозы; на паліцах у бязладдзі стаялі кнігі, каробачкі, птушыныя чучалы, банкі, бутэлечкі; у адным кутку стаяла зламаная электрычная машына.

— Я вас папярэдзіў, любы мой госць, — пачаў Васілій Іванавіч, — што мы жывем тут, так сказаць, на бівуаках...

— Ды, кінь, што ты вінішся? — перапыніў Базараў. — Кірсанаў вельмі добра ведае, што мы з табой не Крэзы, і што ў цябе не палац. Куды мы яго памесцім, вось пытанне?

— Што ты, Еўгеній; там у мяне ў флігельчыку, вельмі добры пакой; ім там дужа добра будзе.

— Дык у цябе і флігельчык завёўся?

— Як-жа; дзе лазня, — умяшаўся Цімафеіч.

  1. Омфе — homme fait — мужчына ў саку.