Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта побач з лазняй, — хапатліва дадаў Васілій Іванавіч. — Цяпер-жа лета... Я зараз збегаю туды, уладжу; а ты-б, Цімафеіч, пакуль іх рэчы ўнёс. Табе Еўгеній, я, зразумела, аддам мой габінет. Suum cuique[1].

— Вось табе на! Вельмі пацешны дзядок і дабрэйшы, — дадаў Базараў, як толькі Васілій Іваныч вышаў. — Гэткі-ж дзівак, як твой, толькі па-другому. Шмат ужо вельмі гаворыць.

— І маці твая, здаецца, надзвычайная жанчына, — заўважыў Аркадзій.

— Але, яна ў мяне без хітрасці. Абед нам, паглядзі, які задасць.

— Сягоння вас не чакалі, бацюхна, ялавічыны не прывезлі, — прамовіў Цімафеіч, які толькі што ўцягнуў базараўскі чамадан.

— І без ялавічынкі абыйдземся, на няма і суда няма. Беднасць, кажуць, не ганьба.

— Колькі ў твайго бацькі душ? — спытаўся раптам Аркадзій.

— Маёнтак не яго, а матчын; душ, помніцца, пятнаццаць.

— І ўсе дваццаць дзве, — з незадаваленнем заўважыў Цімафеіч.

Пачулася лясканне туфель, і зноў з’явіўся Васілій Іванавіч. — Праз некалькі хвілін ваш пакой будзе гатоў прыняць вас, — выгукнуў ён з урачыстасцю, — Аркадзій... Нікалаіч? — гэтак, здаецца, вы маеце ласку велічацца? А вось вам і прыслуга, — дадаў ён, паказваючы на ўвайшоўшага з ім каротка-абстрыжанага хлопчыка ў сінім, на лакцях прадзёртым каптане і ў чужых ботах. — Завуць яго Федзькам. Зноў-такі, паўтараю, хоць сын і забараняе, выбачайце. Урэшце, люльку набіваць ён умее. Вы-ж курыце?

— Я куру больш сігары, — адказаў Аркадзій.

— І вельмі разумна робіце. Я сам аддаю прэферанс сігаркам, але ў нашых самотных краях даставаць іх надзвычай цяжка.

— Ды годзе табе Лазара пець, — перапыніў зноў Базараў. — Сядзь лепш вось тут, на канапу, ды дай на сябе паглядзець.

Васілій Іванавіч засмяяўся і сеў. Ён вельмі быў падобны тварам на сына свайго, толькі лоб у яго быў ніжэйшы і вузейшы, і рот крыху шырэй, і ён безупынна рухаўся, паводзіў плячыма, нібы адзенне яму пад пахамі рэзала, міргаў, пакашліваў і варушыў пальцамі, між тым як сын яго адзначаўся нейкаю нядбайнаю нерухомасцю.

  1. Кожнаму сваё.