Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён пачаў абнімаць сына... «Енюша, Енюша», пачуўся дрыгатлівы жаночы голас. Дзверы расчыніліся, і на парозе паказалася кругленькая, нізенькая бабка, у белым чапцы і ў кароткай пярэстай кофтачцы. Яна ахнула, пахіснулася і напэўна-б упала, калі-б Базараў не падтрымаў яе. Пухлыя яе ручкі ў момант абвіліся вакол яго шыі, галава прыціснулася да яго грудзей, і ўсё змоўкла. Толькі чуліся яе цяжкія ўсхліпванні.

Стары Базараў глыбока дыхаў і плюшчыўся больш, як раней.

— Ну, годзе, годзе, Арыша, кінь! — загаварыў ён, перакінуўшыся поглядам з Аркадзіем, які стаяў нерухома каля тарантаса, між тым як мужык на козлах нават адвярнуўся: — гэта зусім не патрэбна! Калі ласка, кінь.

— Ах, Васілій Іваныч, — пралепятала старэнькая, — які ўжо час бацюхну майго, галубка, Енюшачку... — і, не разнімаючы рук, яна адвяла свой мокры ад слёз, мяты і расчулены твар, паглядзела на яго нейкімі шчаслівымі і смешнымі вачыма, і зноў да яго прыпала.

— Ну, але, канешне, гэта ўсё ў парадку рэчаў, — прамовіў Васілій Іванавіч, — толькі лепш ужо ў пакой пойдзем. З Еўгеніем вось госць прыехаў. Прабачце, — дадаў ён, звяртаючыся да Аркадзія, і шорхнуў злёгку нагою, — вы разумееце, жаночая слабасць; ну і сэрца матчына...

А ў самога і губы, і бровы торгала, і падбародак тросся... але ён відаць хацеў перамагчы сябе і здавацца ледзь не роўнадушным. Аркадзій зрабіў уклон.

— Пойдземце, матухна, сапраўды, — прамовіў Базараў, — і павёў у дом аслабелую старэнькую. Усадзіўшы яе ў мяккае крэсла, ён яшчэ раз наспех абняўся з бацькам і пазнаёміў яго з Аркадзіем.

— Дадушы рад знаёмству, — прагаварыў Васілій Іванавіч, — толькі ўжо вы выбачайце: у мяне тут усё проста, на ваенную нагу. Арына Влас’ёўна, супакойся, зрабі ласку: што за маладушнасць? Пан госць павінен асудзіць цябе.

— Бацюхна, — праз слёзы прагаварыла старэнькая; як вас зваць не маю гонару ведаць...

— Аркадзій Нікалаевіч, — паважна, упоўголас, падказаў Васілій Іванавіч.

— Прабачце мяне, дурную. — Старая высмаркалася і, нагінаючы галаву то направа, то налева, старанна выцерла адно вока пасля другога. — Прабачце вы мяне. Я-ж так і думала, што памру, не дачакаюся майго га...а...а...лубка.

— А вось і дачакалася, васпані, — падхапіў Васілій Іванавіч. — Танюшка, — звярнуўся ён да басаногай дзяўчыны гадоў