Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

усё гэта — усёроўна, як у гарачы дзень халоднай вадою абліцца. — Мужчыне некалі займацца гэткімі драбніцамі; мужчына павінен быць люты, кажа вельмі добрая іспанская прымаўка. Вось-жа ты, — дадаў ён, — звяртаючыся да мужыка, што сядзеў на козлах, — ты, разумнік, ёсць ў цябе жонка?

Мужык паказаў абодвум прыяцелям свой плюскаты і падслепаваты твар.

— Жонка? Ёсць. Чаму ёй не быць?

— Ты яе б’еш?

— Жонку? Усяк бывае. Без прычыны не б’ем.

— І вельмі добра. Ну, а яна цябе б’е?

Мужык засморгаў лейцамі. — Якое слова ты сказаў, барын. Табе-б ўсё жартаваць... — Ён відаць пакрыўдзіўся.

— Чуеш, Аркадзій, Нікалаевіч! А нас з вамі прыбілі... Вось яно што значыць быць адукаванымі людзьмі.

Аркадзій змушана засмяяўся, а Базараў адвярнуўся і ўсю дарогу ўжо не разяўляў рота.

Дваццаць пять вёрст здаліся Аркадзію за цэлых пяцьдзесят. Але вось на схіле адхоннага ўзгорка паказалася, нарэшце, невялікая вёсачка, дзе жылі бацькі Базарава. Побач з ёю, у маладым бярозавым гайку, відаць быў дваранскі дамок пад саламянаю страхою. Каля першай хаты стаялі два мужыкі ў шапках і лаяліся. «Вялікая ты свіння», казаў адзін другому, а «горш за малое парасё». — «А твая жонка — ведзьма», казаў на гэта другі.

— Па вольнасці абыходжання, — заўважыў Аркадзію Базараў, — і па гуллівасці зваротаў гутаркі ты можаш меркаваць, што мужыкі ў майго бацькі не надта прыгнечаны. Ды вось і ён сам выходзіць на ганак свайго жытла. Пачуў, мусіць, званок. Ён, ён — пазнаю яго постаць. Эге, ге! як ён, аднак, пасівеў, небарака!


ХХ

Базараў высунуўся з тарантаса, а Аркадзій выцягнуў галаву з-за спіны свайго таварыша і ўбачыў на ганачку панскага дамка высокага хударлявага чалавека, з ускудлачанымі валасамі і тонкім арліным носам, апранутага ў старасвецкі ваенны сурдут наросхрыст. Ён стаяў, растапырыўшы ногі, курыў доўгую люльку і жмурыўся ад сонца.

Коні спыніліся.

— Нарэшце прыехаў, — прагаварыў бацька Базарава, усё не спыняючы курыць, цыбук так і скакаў у яго паміж пальцаў. — Ну, вылазь, вылазь, пачаломкаемся.