Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Асабліва я, будучы лекар, і лекарскі сын, і дзячкоўскі ўнук... Ты-ж ведаеш, што я ўнук дзячка?..

— Як Сперанскі, — дадаў Базараў пасля невялікага маўчання і скрывіўшы губы. — А ўсё-такі збалавала яна сябе; ох, як збалавала сябе гэта пані! Ужо ці не фракі нам надзець?

Аркадзій толькі плячом паціснуў... але і ён адчуваў невялікае замяшанне.

Праз поўгадзіны Базараў з Аркадзіем сышлі ў гасціную. Гэта быў прасторны высокі пакой, прыбраны даволі багата, але без асаблівага густу. Цяжкая дарагая мэбля стаяла ў звычайным напышлівым парадку ўдоўж сцен, абабітых цынамонавымі абоямі з залатымі разводамі; нябожчык Одзінцоў выпісаў яе з Масквы праз свайго прыяцеля і камісіянера, віннага гандляра. Над сярэдняй канапаю вісеў партрэт азызлага бялявага мужчыны — і, здавалася, непрыязна глядзеў на гасцей. «Напэўна, сам», шапнуў Базараў Аркадзію і, зморшчыўшы нос, дадаў: «а мо’ ўцячы?» Але ў гэты момант увайшла гаспадыня. На ёй было лёгкае барэжавае плацце; гладка зачосаныя за вушы валасы надавалі дзявоцкі выраз яе чыстаму і свежаму твару.

— Дзякую, што стрымалі слова, — пачала яна: — пагасцюйце ў мяне: тут, сапраўды, нядрэнна. Я вас пазнаёмлю з маёю сястрою, яна добра іграе на фартэпіяна. Вам, мс’е Базараў, гэта ўсёроўна; але вы, мс’е Кірсанаў, здаецца, любіце музыку; акрамя сястры, ў мяне жыве старая цётка, ды сусед адзін наязджае ў карты гуляць: — вось і ўся наша кампанія. А цяпер сядзем.

Одзінцова вымавіла ўвесь гэты маленькі спіч з асабліваю выразлівасцю, нібы яна напамяць яго вывучыла; потым яна звярнулася да Аркадзія. Аказалася, што маці яе ведала Аркадзіеву маці і была нават паверанаю яе кахання да Нікалая Пятровіча. Аркадзій з запалам загаварыў пра нябожчыцу; а Базараў між тым узяўся разглядаць альбомы. «Які я смірненькі зрабіўся», думаў ён сам сабе.

Прыгожы хорт з блакітным ашыйнікам убег у гасціную, стукаючы кіпцямі па падлозе, а ўслед за ім увайшла дзяўчына гадоў восемнаццаць, чорнавалосая і смуглая, з крыху круглым, але прыемным тварам, з невялікімі цёмнымі вачыма. Яна трымала ў руках карзіну, напоўненую кветкамі. — «Вось вам і мая Каця», прагаварыла Одзінцова, паказаўшы на яе рухам галавы.

Каця злёгку прысела, умясцілася каля сястры і пачала разбіраць кветкі. Хорт, імя якога было Фіфі, падышоў, махаючы хвастом, пачародна да абодвух гасцей і ткнуў кожнаму з іх сваім халодным носам у руку.