Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

закручанымі і заплеценымі хвастамі. Аркадзій глядзеў на дарогу і ўсміхаўся, сам не ведаючы чаго.

— Павіншуй мяне, — ускрыкнуў Базараў, — сягоння 22-е чэрвеня, дзень майго анёла. Паглядзім, як гэта ён пра мяне клапоціцца. Сягоння мяне дома чакаюць, — дадаў ён, панізіўшы голас... — Ну, пачакаюць, што тут такога!


XVI

Маёнтак, у якім жыла Анна Сяргееўна, быў на адхонным, адкрытым узгорку, у невялікай адлегласці ад жоўтай каменнай царквы з зялёнаю страхою, белымі калонамі і жывапіссю al fresco[1] над галоўным уваходам, якая уяўляла «ўваскрасенне хрыстова» ў італьянскім гусце. Асабліва вызначаўся сваімі акругленымі контурамі распасцёрты на першым плане смуглы воін у шышаку. За царквою цягнулася ў два рады даўгое сяло з там-сям мільгаючымі комінамі над саламянымі стрэхамі. Панскі дом быў пабудаваны ў адным стылі з царквою, у тым стылі, які вядомы ў нас пад імем Аляксандраўскага; дом гэты быў таксама пафарбаваны жоўтаю фарбаю і дах меў зялёны, і белыя калоны, і франтон з гербам. Губерскі архітэктар узвёў абодва будынкі з адабрэння нябожчыка Одзінцова, які не цярпеў ніякіх пустых і свавольных, як ён казаў, новаўвядзенняў. К дому з абодвух бакоў прылягалі цёмныя дрэвы старадаўняга саду, алея стрыжаных ёлак вяла пад пад’езд.

Прыяцеляў нашых сустрэлі ў пярэдняй дна рослыя лёкаі ў ліўрэі: адзін з іх зараз-жа пабег да дварацкага. Дварэцкі, тоўсты чалавек у чорным фраку, зараз-жа з’явіўся і накіраваў гасцей па ўсланай дыванамі лесніцы ў асобны пакой, дзе ўжо стаялі два ложкі з усімі прыладамі туалета. У доме, відаць, панаваў парадак, усё было чыста, усюды пахла нейкім прыстойным пахам, нібы ў міністэрскіх прыёмных.

— Анна Сяргееўна просяць вас прыйсці да іх праз поўгадзіны, — далажыў дварэцкі: — ці не будзе ад вас, пакуль, якіх загадаў?

— Ніякіх загадаў не будзе, шаноўнейшы, — адказаў Базараў: — хіба чарку гарэлачкі будзьце ласкавы паднесці.

— Слухаю-с, — прамовіў дварэцкі не без здзіўлення і вышаў, паскрыпваючы ботамі.

— Які гранжанр! — заўважыў Базараў: — здаецца, гэта так па-вашаму называецца? Герцагіня, ды і ўсё тут.

— Добрая герцагіня, — сказаў на гэта Аркадзій, — з першага разу запрасіла да сябе такіх магутных арыстакратаў, якія мы з табой.

  1. Насценная жывапісь (фрэскі).