Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-б яму даць? — спытаўся Аркадзій.

— Ды я думаю Бюхнерава Stoff und Kraft[1] на першы выпадак.

— Я сам так думаю, — заўважыў згаджаючыся Аркадзій. — Stoff und Kraft напісана папулярнаю моваю…

— Вось як мы з табой; — казаў у той-жа дзень пасля абеду Нікалай Пятровіч свайму брату, седзячы ў яго ў габінеце: — у адстаўныя людзі трапілі, песенька наша спета. Што-ж? Можа быць, Базараў і мае рацыю; але мне, прызнаюся, адно балюча: я спадзяваўся іменна цяпер цесна і па-сяброўску сыйсціся з Аркадзіем, а выходзіць, што я застаўся пазадзе, ён адышоў наперад, і зразумець мы адзін аднаго не можам.

— Ды чаму ён адышоў наперад? І чым ад нас так ужо вельмі адзначаецца? — з нецярплівасцю ўскрыкнуў Павел Пятровіч. — Гэта ўсё яму ў галаву сін’ёр гэты ўбіў, нігіліст гэты. Ненавіджу я гэтага лекарчыка; па-мойму ён, проста, шалахвост; я ўпэўнены, што з усімі сваімі жабамі ён і ў фізіцы недалёка зайшоў.

— Не, брат, ты гэтага не кажы: Базараў разумны і ведае.

— І ганарлівасць якая праціўная, — перапыніў ізноў Павел Пятровіч.

— Але, — заўважыў Нікалай Пятровіч: — ён ганарлівы. Але без гэтага, відаць, нельга; толькі вось чаго я зразумець не магу. Здаецца, я ўсё раблю, каб не адстаць ад века: сялян уладзіў, ферму завёў, так што нават мяне па ўсёй губерні чырвоным завуць; чытаю, вучуся, наогул стараюся стаць на ўзровень з сучаснымі патрабаваннямі, — а яны кажуць, што песенька мая спета. Ды што, брат, я сам пачынаю думаць, што яна сапраўды спета.

— Гэта чаму?

— А вось чаму. Сягоння я сяджу ды чытаю Пушкіна… Помніцца, Цыгане мне трапілася… Раптам Аркадзій падходзіць да мяне і, моўчкі, з гэтакім ласкавым шкадаваннем на твары, ціхенька, як у дзіцяці, забраў у мяне кнігу і паклаў перада мною другую, нямецкую… усміхнуўся і пайшоў, і Пушкіна панёс.

— Вось як! Якую-ж ён кнігу табе даў?

— Вось гэту.

І Нікалай Пятровіч выняў з задняй кішэні сурдута добра вядомую брашуру Бюхнера дзевятага выдання.

Павел Пятровіч пакруціў яе ў руках.

— Гм! — прамычэў ён. — Аркадзій Нікалаевіч клапоціцца аб тваім выхаванні. Што-ж, ты спрабаваў чытаць?

— Спрабаваў.

  1. „Сіла і матэрыя“, твор нямецкага натураліста Бюхнера, вядомага папулярызатара матэрыялізма.