Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маладога «нігіліста» і сумняваўся ў карысці яго ўплыву на Аркадзія; але ён ахвотна яго слухаў, ахвотна прысутнічаў пры яго фізічных і хімічных практыкаваннях. Базараў прывёз з сабой мікраскоп і цэлымі гадзінамі з ім вазіўся. Слугі таксама прывыклі да яго, хоць ён з іх і падсміхаўся: яны адчувалі, што ён усё-такі свой брат, не пан. Дуняша ахвотна з ім хіхікала і скоса, значна паглядала на яго, прабягаючы міма «перапёлачкай»; Пётр, чалавек да крайнасці ганарлівы і дурны, вечна з напружанымі маршчынамі на лобе, чалавек, якога ўся годнасць складалася з таго, што глядзеў учціва, чытаў па складах і часта чысціў шчоткай свой сурдут — і той ухмыляўся і святлеў, як толькі Базараў звяртаў на яго ўвагу; дваровыя хлапчукі бегалі за «дохтурам», як сабачаняты. Адзін стары Пракоф’іч не любіў яго, з панурым выглядам падаваў яму за сталом яду, называў яго «жывадзёрам» і «прайдзісветам» і ўпэўняў, што ён з сваімі бакенбардамі — сапраўдная свіння ў кусце. Пракоф’іч, па-свойму, быў арыстакрат не горш за Паўла Пятровіча.

Надышлі лепшыя дні ў годзе — першыя дні чэрвеня. Пагода стаяла надзвычайная, праўда, здалёк, пагражала ізноў халера, але жыхары ...ай губерні паспелі прывыкнуць ужо да яе наведванняў. Базараў уставаў вельмі рана і адпраўляўся вярсты за дзве, за тры, не гуляць — ён прагулак без мэты цярпець не мог, — а збіраць травы, казюлек. Часам ён браў з сабою Аркадзія. Па дарозе назад у іх заводзілася спрэчка, і Аркадзій звычайна заставаўся пераможаным, хоць гаварыў больш за свайго таварыша.

Аднойчы яны неяк доўга забавіліся; Нікалай Пятровіч вышаў да іх насустрач у сад і, падышоўшы пад альтанку, раптам пачуў шпаркія крокі і галасы абодвух маладых людзей. Яны ішлі з таго боку альтанкі і не маглі яго бачыць.

— Ты бацьку не зусім ведаеш, — казаў Аркадзій.

Нікалай Пятровіч прытаіўся.

— Твой бацька, — добры хлапчына, — прамовіў Базараў, — але ён чалавёк адстаўны, яго песенька спета.

Нікалай Пятровіч прыпаў вухам... Аркадзій нічога не адказваў.

«Адстаўны чалавек» пастаяў хвіліны дзве нерухома і павольна паплёўся дамоў.

— Тры дні таму назад, я гляджу, ён Пушкіна чытае, — казаў між тым Базараў далей. — Растумач яму, калі ласка, што гэта нікуды не варта. Ён-жа не хлопчык: пара кінуць гэтае глупства. І ахвота-ж быць рамантыкам у цяперашні час! Дай яму што-небудзь путнае пачытаць.