Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну і што-ж?

— Ці я дурны, ці гэта ўсё — лухта. — Напэўна, я дурны.

— Ды ты па-нямецку не забыўся? — спытаўся Павел Пятровіч.

— Я па-нямецку разумею.

Павел Пятровіч ізноў пакруціў кнігу ў руках і спадлоба глянуў на брата. Абодва памаўчалі.

— Ага, дарэчы, — пачаў Нікалай Пятровіч, відаць хочучы змяніць гутарку. — Я атрымаў ліст ад Калязіна.

— Ад Мацвея Ільіча?

— Ад яго. Ён прыехаў у *** рэвізаваць губерню. Ён цяпер у тузы вышаў і піша мне, што хоча па-сваяцку пабачыцца з намі і запрашае нас з табой і з Аркадзіем ў горад.

— Ты паедзеш? — спытаўся Павел Пятровіч.

— Не, а ты?

— І я не паеду. Вельмі патрэбна цягнуцца за пяцьдзесят вёрст кісель есці. Mathieu[1] хоча паказацца нам ва ўсёй сваёй славе; чорт з ім! хопіць з яго губерскага фіміяму, абыйдзецца без нашага. І вялікая важнасць, тайны саветнік! Калі-б я служыў, цягнуў гэту бязглуздую лямку, я-б цяпер быў генерал-ад’ютант. Пры тым-жа мы з табой адстаўныя людзі.

— Але, брат; відаць пара труну заказваць і ручкі складваць крыжам на грудзях, — заўважыў з уздыхам Нікалай Пятровіч.

— Ну, я так хутка не здамся, — прамармытаў яго брат. — У нас яшчэ будзе сутычка з гэтым лекарам, я гэта прадчуваю.

Сутычка адбылася ў той-жа дзень за вячэрнім чаем. Павел Пятровіч сышоў у гасціную ўжо гатовы да бою, расцвелены і рашучы. Ён чакаў толькі поваду, каб накінуцца на ворага, але доўга ўсё не выпадала. Базараў наогул гаварыў мала ў прысутнасці «старычкоў Кірсанавых» (так ён называў абодвух братоў), а ў той вечар ён адчуваў сябе не ў настроі і моўчкі выпіваў кубак за кубкам. Павел Пятровіч увесь гарэў нецярплівасцю; яго жаданні збыліся нарэшце.

Гутарка зайшла пра аднаго з суседніх памешчыкаў.

— Дрэнь, арыстакратык, — роўнадушна заўважыў Базараў, які сустракаўся з ім у Пецербургу.

— Дазвольце ў вас запытацца, — пачаў Павел Пятровіч, і губы яго задрыжэлі: — па вашых паглядах слова: «дрэнь» і «арыстакрат» адно і тое-ж азначаюць?

— Я сказаў «арыстакратык», — прагаварыў Базараў, лена адсёрбваючы глыток чаю.

  1. Мацвей.