Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Строгі-ж ты сягоння, Еўгеній Васільевіч.

— І добрыя мужычкі ашукаюць твайго бацыку напэўна. Ведаеш прымаўку: «рускі мужык бога злопае».

— Я пачынаю згаджацца з дзядзькам, — заўважыў Аркадзій, — ты пэўна дрэннай думкі пра рускіх.

— Якая важнасць! Рускі чалавек толькі тым і дабёр, што ён сам аб сабе найдрэннай думкі. Важна тое, што двойчы два чатыры, а астатняе ўсё драбніцы.

— І прырода драбніцы? — прагаварыў Аркадзій, задуменна гледзячы ўдаль на пярэстыя палі, прыгожа і мякка асветленыя ўжо невысокім сонцам.

— І прырода драбніцы, у тым значэнні, як ты яе разумееш. Прырода не храм, а майстэрня, і чалавек у ёй работнік.

Павольныя гукі віяланчэлі даляцелі да іх з дому ў гэты самы момант. Нехта іграў з пачуццём, хоць і неспрактыкаванаю рукою, «Чаканне» Шуберта, і мёдам разлівалася па паветры салодкая мелодыя.

— Гэта што? — вымавіў з здзіўленнем Базараў.

— Гэта бацька.

— Твой бацька іграе на віяланчэлі?

— Але.

— Ды колькі твайму бацьку гадоў?

— Сорак чатыры.

Базараў раптам разрагатаўся.

— З чаго ты смяешся?

— Злітуйся! У сорак чатыры гады чалавек, pater familias[1] у .....м павеце — іграе на віяланчэлі!

Базараў усё рагатаў; але Аркадзій, як не паважаў свайго настаўніка, на гэты раз нават не ўсміхнуўся.

X

Прайшло каля двух тыдняў. Жыццё ў Мар’іне ішло сваім парадкам: Аркадзій сібарытстваваў, Базараў працаваў. Усе ў доме прывыклі да яго, да яго нядбайных манер, да яго не вельмі складаных і ўрыўкавых гаворак. Фенічка, асабліва, да таго з ім асвойталася, што аднойчы ўночы загадала разбудзіць яго: з Міцем зрабіліся сударгі; і ён прышоў, як зазвычай поўжартуючы, поўпазяхаючы, прасядзеў у яе гадзіны дзве і дапамог дзіцяці. Затое Павел Пятровіч усімі сіламі душы сваёй узненавідзеў Базарава: ён лічыў яго гордым, нахабным, цынікам, плябеем; ён падазраваў, што Базараў не паважае яго, што ён бадай ці не пагарджае ім, — ім, Паўлам Кірсанавым! Нікалай Пятровіч пабойваўся

  1. Бацька сям‘і.