— Бачу, бачу... Нічога, усё ў парадку: зубасты будзе. Калі што здарыцца, скажыце мне. А самі вы здаровы?
— Здарова, дзякуй богу.
— Дзякуй богу, — лепш за ўсё. А вы? — дадаў Базараў, звяртаючыся да Дуняшы.
Дуняша, дзяўчына вельмі строгая ў харомах і рагатуха за варатамі, толькі фыркнула яму ў адказ.
— Ну і добра. Вось вам ваш багатыр.
Фенічка прыняла дзіця да сябе на рукі.
— Як ён у вас ціха сядзеў, — прамовіла яна ўпоўголас.
— У мяне ўсе дзеці ціха сядзяць, — адказаў Базараў, — я такую штуку ведаю.
— Дзеці адчуваюць, хто іх любіць, — заўважыла Дуняша.
— Гэта праўда, — пацвердзіла Фенічка. — Вось і Міця — да другога ні за што на рукі не пойдзе.
— А да мяне пойдзе? — спытаўся Аркадзій, які, пастаяўшы некаторы час воддаль, падышоў да альтанкі.
Ён паманіў да сябе Міцю, але Міця адкінуў галаву назад і запішчэў, што вельмі збянтэжыла Фенічку.
— У другі раз, — калі прывыкнуць паспее, — выбачна прамовіў Аркадзій, і абодва прыяцелі адышлі.
— Як гэта яе завуць? — спытаўся Базараў.
— Фенічкай... Фядос’яй, — адказаў Аркадзій.
— А па бацьку? Гэта таксама трэба ведаць.
— Нікалаеўнай.
— Bene[1]. Мне падабаецца ў ёй тое, што яна не надта сароміцца. Другі, бадай, гэта і зганьбіў-бы ў ёй. Што за лухта? чаго сароміцца? Яна маці — ну і мае рацыю.
— Яна мае рацыю, — заўважыў Аркадзій, — але вось бацька мой...
— І ён тое-ж самае, — перапыніў Базараў.
— Ну, не, я не лічу.
— Відаць лішні наследнічак нам не па душы!
— Як табе не сорамна падазраваць ва мне такія думкі! — з запалам падхапіў Аркадзій. — Я не з гэтага пункту гледжання лічу бацьку няправым, я думаю, што ён павінен-бы жаніцца з ёю.
— Эге-ге! — спакойна прагаварыў Базараў, — вось мы якія вялікадушныя! Ты надаеш яшчэ значэнне шлюбу; я гэтага ад цябе не чакаў.
Прыяцелі зрабілі некалькі крокаў ў маўчанні.
— Бачыў я ўсе завядзенні твайго бацькі, — пачаў ізноў Базараў. — Скаціна дрэнная, і коні падбітыя. Будовы таксама падгулялі, і работнікі глядзяць заўзятымі гультаямі; а кіраўнічы альбо дурань, альбо шальмец, — я яшчэ не разабраў добра.
- ↑ Добра.