Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

амаль з роспаччу гледзячы ў столь. Ці захацеў ён стаіць ад самых сцен, што ў яго адбывалася на твары, ці па другой якой прычыне, толькі ён устаў, адсмаргнуў цяжкія фіранкі акон і зноў кінуўся на канапу.

IX

У той-жа дзень і Базараў пазнаёміўся з Фенічкай. Ён разам з Аркадзіем хадзіў па садзе і тлумачыў яму, чаму некаторыя дрэўцы, асабліва дубкі, не прыняліся.

— Трэба серабрыстых топаляў паболей тут саджаць ды ёлак, ды бадай ліпак, падбавіўшы чарназёму. Вунь альтанка прынялася добра, дадаў ён: — таму, што акацыя ды бэз — хлопцы добрыя, догляду не патрабуюць. Ба! ды тут нехта ёсць.

У альтанцы сядзела Фенічка з Дуняшай і Міцем. Базараў спыніўся, а Аркадзій кіўнуў галавою Фенічцы, як стары знаёмы.

— Хто гэта? — спытаўся ў яго Базараў, як толькі яны прайшлі міма. — Якая харошанькая!

— Ды ты пра каго гаворыш?

— Вядома пра каго: адна толькі харошанькая.

Аркадзій, не без замяшання, растлумачыў яму ў кароткіх словах, хто была Фенічка.

— Ага! — прамовіў Базараў: — у твайго бацькі відаць густ ёсць. А ён мне падабаецца твой бацька, да душы! Ён малайчына. Аднак трэба пазнаёміцца, — дадаў ён і накіраваўся назад да альтанкі.

— Еўгеній! — з спалохам крыкнуў яму ўслед Аркадзій: — асцярожна, богам прашу.

— Не хвалюйся, — прагаварыў Базараў: — народ мы цёрты, у гарадах жывалі.

Падышоўшы да Фенічкі, ён скінуў шапку.

— Дазвольце пазнаёміцца, — пачаў ён з далікатным паклонам: — Аркадзію Нікалаевічу прыяцель і чалавек смірны.

Фенічка прыпаднялася з лаўкі і глядзела на яго моўчкі.

— Якое дзіця дзівоснае! — казаў далей Базараў. — Не бойцеся, я яшчэ нікога не ўрачыў. Што гэта ў яго шчочкі такія чырвоныя? Зубкі, ці што праразаюцца.

— Так-с, — прамовіла Фенічка: — чатыры зубочкі ў яго прарэзаліся ўжо, а цяпер вось дзясны ізноў прыпухлі.

— Пакажыце... ды вы не бойцеся, я доктар.

Базараў узяў на рукі дзіця, якое, на дзіва і Фенічкі і Дуняшы, не супрацівілася і не спалохалася.