Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ванелае і ўспухлае вока, ён прапісаў ёй прымочку, якую тут-жа сам зрабіў і, раздзёршы на часткі сваю хустку, паказаў ёй, як трэба прымочваць. Фенічка выслухала яго і хацела выйсці. «Пацалуй-жа ручку ў барына, дурненькая»; — сказала ёй Арына. Нікалай Пятровіч не даў ёй сваёй рукі і, збянтэжыўшыся, сам пацалаваў яе ў нахіленую галаву, у прабор. Фенічкіна вока хутка загаілася, але ўражанне, зробленае ёю на Нікалая Пятровіча, прайшло не хутка. Яму ўсё вёрзся гэты чысты, пяшчотны, баязліва прыўзняты твар; ён адчуваў пад далонямі рук сваіх гэтыя мяккія валасы, бачыў яе чыстыя, злёгку раскрытыя вусны, з-за якіх вільготна блішчэлі на сонцы жамчужныя зубкі. Ён пачаў з большаю ўвагаю глядзець на яе ў царкве, стараўся загаварваць з ёю. Спачатку яна яго дзічылася, і ад- нойчы, перад вечарам, сустрэўшы яго на вузкай сцежцы, пракладзенай пешаходамі праз жытняе поле, зайшла ў высокае, густое жыта, парослае палыном і васількамі, каб толькі не трапіцца яму на вочы. Ён убачыў яе галоўку праз залатую сетку каласоў, адкуль яна выглядала, як звераня, і ласкава крыкнуў ёй:

— Добры дзень, Фенічка! Я не кусаюся.

— Дзень добры, — прашаптала яна, не выходзячы з сваёй засады.

Патроху яна стала прывыкаць да яго, але ўсё яшчэ адчувала нясмеласць у яго прысутнасці, як раптам яе маці Арына памерла ад халеры. Дзе было дзецца Фенічцы? Яна пераняла ад сваёй маткі любоў да парадку, разважлівасць і сталасць; але яна была такая маладая, такая адзінокая; Нікалай Пятровіч быў сам гэткі добры і сціплы... Астатняе даводзіць няма чаго...

— Так-такі брат да цябе і ўвайшоў? — пытаўся ў яе Нікалай Пятровіч. — Пастукаў і ўвайшоў?

— Так-с.

— Ну, гэта добра. Дай мне пагушкаць Міцю.

І Нікалай Пятровіч пачаў яго падкідаць амаль пад самую столь, на вялікую прыемнасць малюткі і на нямалую трывогу маткі, якая, пры кожным яго ўзлёце, працягвала рукі да аголеных яго ножак.

А Павел Пятровіч вярнуўся ў свой прыгожы габінет, абклеены па сценах прыгожымі абоямі дзікага колеру, з развешанай зброяй на пярэстым персідскім дыване, з арэхавай мэбляю, абабітай цёмназялёным трыпам, з бібліятэкай renaissance[1] з чорнага дуба, з бронзавымі статуэткамі на раскошным пісьмовым стале, з камінам... Ён кінуўся на канапу, заклаў рукі за галаву і застаўся нерухомы,

  1. Стылю Адраджэння.