Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ён далёка не дурны. Якія ён мне даваў карысныя парады... асабліва... асабліва наконт адносінаў да жанчын.

— Ага! На сваім малаку апёкся, на чужую ваду дзьме. Ведаем мы гэта!

— Ну, словам, — казаў далей Аркадзій: — ён глыбока нешчаслівы, павер мне, пагарджаць ім — грэшна.

— Ды хто ім пагарджае? — запярэчыў Базараў. — А я ўсё-такі скажу, што чалавек, які ўсё сваё жыццё паставіў на карту жаночага кахання, і калі яму гэту карту забілі, раскіс і апусціўся да таго, што ні на што не стаў здатны, гэтакі чалавек — не мужчына, але самец. Ты кажаш, што ён нешчаслівы, табе лепей ведаць; але дурасць з яго не ўся вышла. Я ўпэўнены, што ён не жартуючы ўяўляе сябе путным чалавекам, таму што чытае Галін’яшку і раз у месяц вызваліць мужыка ад экзекуцыі.

— Ды ўспомні яго выхаванне, час, у якім ён жыў, — заўважыў Аркадзій.

— Выхаванне? — падхапіў Базараў. — Кожны чалавек сам сябе выхаваць павінен, — ну, хоць як я, напрыклад... А што да часу, з чаго я ад яго залежаць буду? Няхай-жа лепш ён залежыць ад мяне. Не, брат, усё гэта распушчанасць, пустата! І што за таямнічыя адносіны паміж мужчынам і жанчынай? Мы, фізіёлагі, ведаем, якія гэта адносіны. Ты праштудзіруй вось анатомію вока: адкуль тут узяцца, як ты кажаш, загадкаваму погляду? Гэта ўсё рамантызм, глупства, гніль, мастацтва. Пойдзем лепш глядзець жука.

І абодва прыяцелі накіраваліся ў пакой Базарава, у якім паспеў ужо астояцца нейкі медыцынска-хірургічны пах, змешаны з пахам таннага табаку.

VIII

Павел Пятровіч нядоўга прысутнічаў пры гутарцы брата з кіраўнічым, высокім і худым чалавекам з салодкім, сухотным голасам і шальмоўскімі вачыма, які на ўсе заўвагі Нікалая Пятровіча адказваў: «злітуйцеся, вядомая справа-с», і стараўся падаць мужыкоў п’яніцамі і зладзеямі. Нядаўна заведзеная на новы лад гаспадарка скрыпела, як нямазанае кола, трашчэла, як самаробная мэбля з сырога дрэва. Нікалай Пятровіч не ўпадаў у роспач, але часценька ўздыхаў і задумваўся: ён адчуваў, што без грошай справа не пойдзе, а грошы ў яго амаль усе перавяліся. Аркадзій сказаў праўду: Павел Пятровіч не раз дапамагаў свайму брату; не раз, бачачы, сяк ён біўся і ламаў сабе галаву, прыдумваючы як-бы вывернуцца, Павел Пятровіч павольна падыходзіў да акна і, засунуўшы рукі ў кішэні, мармытаў праз зубы: «mais je plus vous donner de l’argent»[1] і даваў яму грошай; але ў гэты

  1. Але я магу вам даць грошай.