Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

надзей, падобных на шкадаванні, калі маладосць прайшла, а старасць яшчэ не прыспела.

Гэты час быў цяжэй для Паўла Пятровіча, як для ўсякага другога: страціўшы сваё мінулае, ён усё страціў.

— Я не заву цяпер цябе ў Мар’іна, — сказаў яму аднойчы Нікалай Пятровіч (ён назваў сваю вёску гэтым імем у гонар жонкі), — ты і пры нябожчыцы там занудзіўся, а цяпер ты, я думаю, там з тугі загінеш.

— Я быў яшчэ дурны і смутлівы тады, — адказаў Павел Пятровіч: — з той пары я ўгамаваўся, калі не паразумнеў. Цяпер, наадварот, калі ты дазволіш, я гатоў назаўсёды і ў цябе пасяліцца.

Замест адказу, Нікалай Пятровіч абняў яго але паўтара гады прайшло пасля гэтай гутаркі, раней чым Павед Пятровіч адважыўся здзейсніць свой намер. Затое, пасяліўшыся аднойчы ў вёсцы, ён ўжо не пакідаў яе, нават і ў тыя тры зімы, якія Нікалай Пятровіч правёў у Пецербургу з сынам. Ён пачаў чытаць, усё болей па-ангельску; ён наогул усё жыццё сваё пабудаваў на ангельскі густ, рэдка бачыўся з суседзямі і выязджаў толькі на выбары, дзе ён большаю часткаю памоўкваў, толькі зрэдку дражнячы і палохаючы памешчыкаў старога складу ліберальнымі выбрыкамі і не збліжаючыся з прадстаўнікамі новага пакалення. І тыя, і другія лічылі яго гардуном і тыя, і другія яго паважалі за яго надзвычайныя арыстакратычныя манеры, за чуткі пра яго перамогі; за тое, што ён вельмі добра апранаўся і заўсёды спыняўся ў лепшым нумары лепшай гасцініцы; за тое, што ён наогул добра абедаў, аднойчы нават паабедаў з Велінгтонам ў Людовіка-Філіпа; за тое, што ён усюды вазіў з сабою сапраўдны срэбны несесер і паходную ванну; за тое, што ад яго пахла нейкімі незвычайнымі, надзіва «шляхетнымі духамі»; за тое, што ён па-майстэрску гуляў у віст і заўсёды праіграваў; нарэшце, яго паважалі за яго беззаганную сумленнасць. Дамы лічылі яго чароўным меланхолікам, але ён не знаўся з дамамі...

— Вось бачыш, Еўгеній, — прамовіў Аркадзій, канчаючы свой расказ, — як няправільна ты глядзіш на дзядзьку! Я ўжо не гавару пра тое, што ён не раз выручаў бацьку з бяды, аддаваў яму ўсе свае грошы, — маёнтак, ты, можа быць, не ведаеш, у іх не падзелены, — але ён усякаму рад дапамагчы і, між іншым, заўсёды заступаецца за сялян, праўда, гаворачы з імі, ён моршчыцца і нюхае адэкалон...

— Вядомая справа: нервы, — перапыніў Базараў.

— Можа быць, толькі ў яго сэрца надзвычай добрае.