Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзень у яго самога нічога не было, і ён палічыў за лепшае адыйсці. Гаспадарчыя клопаты наводзілі на яго тугу; пры тым яму заўсёды здавалася, што Нікалай Пятровіч, не гледзячы на ўсю сваю стараннасць і працавітасць, не так бярэцца за справу, як-бы трэба было; хоць паказаць, ў чым ўласна памыляецца Нікалай Пятровіч, ён не здолеў-бы, «Брат не досыць практычны», — разважаў ён сам з сабою, — «яго ашукваюць». Нікалай Пятровіч, наадварот, быў высокай думкі аб практычнасці Паўла Пятровіча, і заўсёды пытаўся ў яго парады. «Я чалавек маккі, слабы, век свой правёў у глушы», казаў ён: — «а ты не дарэмна так шмат жыў з людзьмі, ты іх добра ведаеш: у цябе арліны позірк». Павел Пятровіч ў адказ на гэтыя словы толькі адварочваўся, але не разупэўняў брата.

Пакінуўшы Нікалая Пятровіча ў габінеце, ён накіраваўся па калідоры, што аддзяляў пярэднюю частку дома ад задняй, і, параўняўшыся з нізенькімі дзвярыма, спыніўся ў раздум’і, пасморгаў сабе вусы і пастукаўся.

— Хто там? Уваходзьце, — пачуўся голас Фенічкі.

— Гэта я, — прагаварыў Павел Пятровіч — і адчыніў дзверы.

Фенічка ўсхапілася з крэсла, на якім яна ўселася з сваім дзіцем і, перадаўшы яго на рукі дзяўчыне, якая зараз-жа вынесла яго вон з пакоя, хапатліва паправіла сваю намітку.

— Прабачце, калі я перашкодзіў, — пачаў Павёл Пятровіч, не гледзячы на яе: — мне хацелася толькі папрасіць вас... сягоння, здаецца, у горад пасылаюць... Загадайце купіць мне зялёнага чаю.

— Слухаю-с, — адказала Фенічка, — колькі загадаеце купіць?

— Ды поўфунта даволі будзе, я думаю. А ў вас тут, я бачу, перамена, — дадаў ён, кінуўшы навокал шпаркі погляд, які слізгануў і па твары Фенічкі. — Фіранкі вось, — прамовіў ён, бачачы, што, яна яго не разумее.

— Так-с, фіранкі; Ніколай Пятровіч нам іх падарыў; ды ўжо яны даўно павешаны.

— Ды і я ў вас даўно не быў. Цяпер у вас тут вельмі добра.

— Па міласці Нікалая Пятровіча, — шапнула Фенічка.

— Вам тут лепш, як у ранейшым флігельчыку? — спытаўся Павел Пятровіч далікатна, але без ніякай усмешкі.

— Канешне, лепей-с.

— Каго цяпер на ваша месца памясцілі?

— Цяпер там прачкі.

— А!

Павел Пятровіч змоўк. «Цяпер пойдзе», — думала Фе-