Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сябе, ён абураўся на сваю маладушнасць... але нішто не дапамагала. Яе вобраз, гэты незразумелы, амаль бязглузды, але прынадны вобраз занадта глыбока ўвайшоў у яго душу. У Бадэне ён неяк ізноў сышоўся з ёю па-ранейшаму; здавалася, ніколі яшчэ яна так палка яго не кахала... але праз месяц усё ўжо было скончана: агонь узгарэўся ў апошні раз — і патух назаўсёды. Прадчуваючы няўхільную разлуку, ён хацеў прынамсі застацца яе другам, як быццам дружба з такой жанчынай была магчыма... Яна ціхенька выехала з Бадэна, і з той пары заўсёды ўхілялася ад Кірсанава. Ён вярнуўся ў Расію, паспрабаваў зажыць старым жыццём, але ўжо не мог трапіць у ранейшую каляіну. Як атручаны, блукаў ён з месца на месца; ён яшчэ выязджаў, ён захаваў усе прывычкі свецкага чалавека; ён мог пахваліцца двума, трыма новымі перамогамі; але ўжо не чакаў нічога асаблівага ні ад сябе, ні ад другіх, і ні за што не браўся. Ён пастарэў, пасівеў; сядзець вечарамі ў клубе, зласліва нудзіцца, роўнадушна паспрачацца ў халастой кампаніі зрабілася для яго патрэбаю, — знак, як вядома, дрэнны. Аб жаніцьбе ён, зразумела, і не думаў. Дзесяць год прайшло такім чынам, цмяна, бясплодна і шпарка, страшэнна шпарка. Нідзе час так не бяжыць, як у Расіі, у астрозе, кажуць, ён бяжыць яшчэ хутчэй. Аднойчы, у часе абеду, у клубе, Павел Пятровіч даведаўся пра смерць княгіні Р. Яна сканала ў Парыжы, у стане блізкім да вар’яцтва. Ён устаў з-за стала і доўга хадзіў па пакоях клуба, спыняючыся, як укопаны, каля картачных ігракоў, але не вярнуўся дамоў раней звычайнага. Праз некалькі часу ён атрымаў пакет, адрасаваны на яго імя: у ім знаходзіўся дадзены ім княгіні пярсцёнак. Яна правяла па сфінксу крыж-на-крыж рысу і загадала яму сказаць, што крыж — вось разгадка.

Гэта здарылася ў пачатку 48-га года, у той самы час, калі Нікалай Пятровіч, пахаваўшы жонку, прыязджаў у Пецербург. Павел Пятровіч амаль не бачыўся з братам з той пары, як той пасяліўся ў вёсцы; вяселле Нікалая Пятровіча супала з самымі першымі днямі знаёмства Паўла Пятровіча з княгіняю. Вярнуўшыся з-за мяжы, ён адправіўся да яго з намерам пагасціць у яго месяцы два, палюбавацца на яго шчасце, але выжыў у яго адзін толькі тыдзень. Розніца ў становішчы абодвух братоў была надта вялікая. У 48-м годзе гэта розніца зменшылася: Павел Пятровіч страціў свае ўспаміны; пасля смерці княгіні ён стараўся не думаць пра яе. Але ў Нікалая заставалася пачуццё правільна праведзенага жыцця, сын вырастаў на яго вачах; Павел, наадварот, адзінокі халасцяк, уступаў у той неспакойны, змрочлівы час, час шкадаванняў, падобных на надзеі,