Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ нізкага яравога збожжа, гулялі гракі; яны знікалі ў жыце, ужо злёгку пабялелым, толькі зрэдку паказваліся іх галовы ў дымчастых яго хвалях. Аркадзій глядзеў, глядзеў, і, патроху слабеючы, знікала яго раздум’е... Ён скінуў з сябе шынель, і так весела, такім маладзенькім хлопчыкам паглядзеў на бацьку, што той ізноў яго абняў.

— Цяпер ўжо недалёка, — заўважыў Нікалай Пятровіч: — вось варта толькі на гэту горку падняцца, і дом будзе відаць. Мы зажывем з табой на славу, Аркаша; ты мне дапамагаць будзеш па гаспадарцы, калі толькі гэта табе не надакучыць. Нам патрэбна цяпер цесна сыйсціся адзін з адным, уведаць адзін аднаго добра, праўда?

— Канешне, — прамовіў Аркадзій: — але што за дзівосны дзень сягоння!

— Для твайго прыезду, душа мая. Але, вясна ў поўным бляску. А ўрэшце, я згодзен з Пушкіным — помніш, у «Еўгеніі Онегіне»:

Как грустно мне твое явленье,
Весна, весна, пора любви!
Какое...

— Аркадзій! — пачуўся з тарантаса голас Базарава: — прышлі мне запалку, няма чым люльку раскурыць.

Нікалай Пятровіч замоўк, а Аркадзій, які пачаў быў слухаць яго не без некаторага здзіўлення, але і не без спачування, паспяшаўся дастаць з кішэні срэбны карабочак з запалкамі і паслаў яго Базараву з Пятром.

— Хочаш сігарку? — закрычаў ізноў Базараў.

— Давай, — адказаў Аркадзій.

Пётр вярнуўся да каляскі і падаў яму разам з карабочкам тоўстую, чорную сігарку, якую Аркадзій зараз-жа закурыў, разводзячы вакол сябе такі моцны і кіслы пах застарэлага табаку, што Нікалай Пятровіч, які зроду не курыў, мімаволі, хоць непрыкметна, каб не пакрыўдзіць сына, адварочваў нос.

Праз чвэртку гадзіны абодва экіпажы спыніліся перад ганкам новага драўлянага дома, афарбаванага ў шэрую фарбу і крытага жалезным чырвоным дахам. Гэта і было Мар’іна, Новая-Слабодка тое-ж, альбо, па сялянскаму найменаванню, Бабыльскі Хутар.

IV

Натоўп дваровых не высыпаў на ганак сустракаць паноў: паказалася ўсяго адна дзеўчынка гадоў дванаццаць, а ўслед за ёю вышаў з дому малады хлопец, дужа падобны да Пятра, апрануты ў шэрую ліўрэйную куртку з белымі гер-