Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бовымі гузікамі, слуга Паўла Пятровіча Кірсанава. Ён моўчкі адчыніў дзверку каляскі і адшпіліў фартух тарантаса. Нікалай Пятровіч з сынам і з Базаравым накіраваліся праз цёмную і амаль пустую залу, з-за дзвярэй якой мільгануў малады жаночы твар, у гасціную, прыбраную ўжо ў навейшым гусце.

— Вось мы і дома, — прамовіў Нікалай Пятровіч, — здымаючы шапку і ўстросваючы валасамі. — Галоўнае, трэба цяпер павячэраць і адпачыць.

— Паесці, сапраўды, нядрэнна, — заўважыў пацягваючыся Базараў і апусціўся на канапу.

— Але, але, вячэраць давайце, вячэраць хутчэй. — Нікалай Пятровіч без усякай асаблівай прычыны патупаў нагамі. — Вось дарэчы і Пракоф’іч.

Увайшоў чалавек гадоў шэсцьдзесят, белавалосы, худы і смуглы, у цынамонавым фраку з мядзянымі гузікамі і ў ружовай хусцінцы на шыі. Ён ашчэрыўся, падышоў да ручкі да Аркадзія, і, пакланіўшыся госцю, адступіў да дзвярэй і паклаў рукі за спіну.

— Вось ён, Пракоф’іч, — пачаў Нікалай Пятровіч, — прыехаў да нас нарэшце... Што? Як ён табе падабаецца?

— Лепей не трэба-с, — праказаў стары і ашчэрыўся ізноў, але зараз-жа нахмурыў свае густыя бровы. — На стол накрываць загадаеце? — прагаварыў ён паважна.

— Але, але, калі ласка. Толькі ці не пройдзеце вы спярша ў ваш пакой, Еўгеній Васільевіч?

— Не, дзякую, няма чаго. Загадайце толькі чамаданчык мой туды зацягнуць, ды вось гэту адзежу, — дадаў ён, здымаючы з сябе свой балахон.

— Вельмі добра. Пракоф’іч, вазьмі-ж іхны шынель. (Пракоф’іч, як-бы з здзіўленнем, узяў абодвума рукамі базараўскую «адзежу» і, высока падняўшы яе над галавою, вышаў на цыпках.) А ты, Аркадзій, пойдзеш да сябе на хвілінку?

— Але, трэба пачысціцца, — адказаў Аркадзій і накіраваўся быў да дзвярэй, але ў гэты момант увайшоў у гасціную чалавек сярэдняга росту, апрануты ў цёмны ангельскі с’ют, модны нізенькі гальштук і лайкавыя поўбоцікі, Павел Пятровіч Кірсанаў. На выгляд яму было гадоў сорак пяць; яго коратка абстрыжаныя валасы адблісквалі цёмным бляскам, як новае срэбра; твар яго, жоўчны, але без маршчын, надзвычайна правільны і чысты, нібы выведзены тонкім і лёгкім разцом, меў сляды прыгожасці надзвычайнай; асабліва харошыя былі светлыя, чорныя, прадоўжныя вочы. Усё аблічча аркадзіевага дзядзькі, прыгожае і пародзістае,