Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось гэта ўжо наші палі пайшлі, — прагаварыў ён пасля доўгага маўчання.

— А гэта ўперадзе, здаецца, наш лес? — спытаўся Аркадзій.

— Але, наш. Толькі я яго прадаў. Сяголета яго звозіць будуць.

— Нашто ты яго прадаў?

— Грошы былі патрэбны; прытым-жа гэтая зямля адходзіць да мужыкоў.

— Якія табе аброку не плоцяць?

— Гэта ўжо іх справа; а, урэшце, — будуць-жа яны калі-небудзь плаціць.

— Шкода лесу, — заўважыў Аркадзій і пачаў глядзець навокал.

Месцы, па якіх яны праязджалі, не маглі назвацца маляўнічымі. Палі, усё палі, цягнуліся аж да самага небасхілу, то злёгку ўзнімаючыся, то апускаючыся зноў; там-сям відаць былі невялікія лясы, і, усеяныя рэдкім і нізкім хмызняком, віліся яры, нагадваючы воку іх уласны адбітак на старадаўніх планах Екацерынінскага часу. Трапляліся і рэчкі з парытымі берагамі, і драбнюткія сажалкі з дрэннымі гацямі, і вёсачкі з нізкімі хацінкамі пад цёмнымі, часта да паловы раскіданымі стрэхамі, і пакрыўленыя малатарныя хляўкі з плеценымі з хворасту сценамі і разяўленымі варотамі каля апусцелых гумнаў, і цэрквы, то цагляныя з аблупленым там-сям тынкам, то драўляныя з нахіленымі крыжамі і разбуранымі могілкамі. Сэрца Аркадзія патроху сціскалася. Як наўмысля, мужычкі сустракаліся ўсё абшарпаныя, на дрэнных клячках; як жабракі ў лахманах, стаялі прыдарожныя ракіты з абдзёртаю карою і абломленым голлем; схудзелыя, каструбаватыя і нібы абгрызеныя, каровы прагавіта скублі траву па канавах. Здавалася, яны толькі што вырваліся з нечых грозных, смертаносных кіпцяў — і, выкліканая мізэрным выглядам жывёл сярод вясенняга прыгожага дня, уставала белая здань бязрадаснай, бясконцай зімы з яе завеямі, маразамі і снягамі... «Не, падумаў Аркадзій, небагаты край гэты, не дзівіць ён ні выгодаю, ні працавітасцю; нельга яму так застацца, ператварэнні неабходны... але як іх выканаць, як распачаць?..»

Так раздумваў Аркадзій... а пакуль ён раздумваў, вясна, брала сваё. Усё навокал залаціста зелянела, усё шырока і мякка хвалявалася і адблісквала пад ціхім дыханнем цёплага ветрыка, — усё — дрэвы, кусты і травы; усюды бясконцымі, звонкімі струменьчыкамі заходзіліся жаўранкі; кнігаўкі то крычалі, віючыся над нізіннымі лугамі, то моўчкі перабягалі па куп’і; прыгожа чарнеючы ў пяшчотнай зелені