раптам уставала на ногі, як па камандзе, усё збягалася пад ганак канторы, лезла да пана, часта з пабітымі мордамі, у п’яным выглядзе і патрабавала суда і расправы; узнімаўся гоман, сквіл, бабскі румзлівы віск уперамежку з мужчынскаю лаянкай. Трэба было разбіраць варожыя бакі, крычаць самому да хрыпаўкі, ведаючы наперад, што да правільнага вырашэння ўсё-такі падыйсці немагчыма. Нехапала рук на жніво; суседні аднадворац, з самым светлым тварам, падрадзіўся даставіць жанцоў па два рублі з дзесяціны і ашукаў самым бессаромным чынам; свае бабы загіналі цэны нечуваныя, а хлеб між тым асыпаўся, а тут з касавіцаю падгадзілі, а тут Апякунскі совет пагражае і патрабуе безадкладнай і безнядоімачнай выплаты процантаў...
— Сіл маіх няма! — не раз з роспаччу гаварыў Нікалай Пятровіч. — Самому біцца немагчыма, а пасылаць за станавым не дазваляюць прынцыцы, а без страху пакарання нічога не паробіш.
— Du calme, du calme[1], — заўважаў на гэта Павел Пятровіч, а сам муркаў, хмурыўся і скуб вусы.
Базараў трымаўся зводдаля ад гэтых усіх «калатнеч», ды яму, як госцю, не даводзілася і ўмешвацца ў гэтыя справы. На другі дзень пасля прыезду ў Мар’іна ён узяўся за сваіх жаб, за інфузорыі, за хімічныя саставы, і ўсё вазіўся з імі. Аркадзій, наадварот, палічыў за свой абавязак калі не дапамагаць бацьку, дык, прынамсі, рабіць выгляд, што ён гатоў яму дапамагчы. Ён цярпліва яго выслухоўваў і аднойчы даў нейкую параду, не для таго, каб яго паслухалі, а каб выказаць сваю спагаду. Гаспадаранне не ўзнімала ў ім гідлівасці: ён нават з прыемнасцю марыў пра агранамічную дзейнасць, але ў яго ў той час другія думкі зараіліся ў галаве. Аркадзій, па ўласнаму здзіўленню, заўсёды думаў пра Нікольскае; раней ён-бы толькі плячыма паціснуў, калі-б хто-небудзь сказаў яму, што ён можа занудзіцца пад адною страхою з Базаравым, і яшчэ пад якою! — пад бацькоўскаю страхою; а яму сапраўды было нудна, і цягнула яго вон. Ён надумаў гуляць да стомы, але і гэта не дапамагло. Гутарачы аднойчы з бацькам, ён даведаўся, што ў Нікалая Пятровіча было некалькі лістоў, даволі цікавых, пісаных некалі маткаю Одзінцовай да нябожчыцы яго жонкі, і не адстаў ад яго да той пары, пакуль не атрымаў гэтых лістоў, з-за якіх Нікалай Пятровіч змушаны быў рыцца ў дваццаці розных скрынках і сундуках. Завалодаўшы гэтымі поўстлелымі паперкамі, Аркадзій як быццам супакоіўся, нібы ён убачыў перад сабою мэту, да якой яму трэба было ісці. «Я вам гэта абодвум кажу», безупынна шаптаў ён, «сама дадала!»
- ↑ Спакой.