Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Паеду, паеду, чорт вазьмі!» Але ён успомніў апошняе наведванне, халодны прыём і ранейшую няёмкасць, і нясмеласць апанавала яго. «А можа» маладосць, патайнае жаданне выведаць сваё шчасце, выспрабаваць свае сілы аднаму, без чыйго-б там ні было апекавання — перамаглі нарэшце. Дзесяці дзён не прайшло з часу яго звароту ў Мар’іна, як ужо ён ізноў, як быццам з поваду вывучэння механізма васкрэсных школ, скакаў у горад, а адтуль у Нікольскае. Безупынку падганяючы фурмана, нёсся ён туды, як малады афіцэр на бітву: і страшна яму было, і весела, нецярплівасць яго сціскала. «Галоўнае — не трэба думаць», — гаварыў ён самому сабе. Фурман яму трапіўся зухлівы; ён спыняўся перад кожным шынком, прыгаварваючы: «чкнуць?» альбо: «а мо’ чкнуць», але за тое, чкнуўшы, не шкадаваў коней. Вось, нарэшце, паказалася высокая страха знаёмага дома... «Што я раблю?» мільгнула раптам у галаве Аркадзія. «Ды, не варочацца-ж!» Тройка дружна мчалася, фурман гікаў і свістаў. Вось ужо масток загрымеў пад капытамі і коламі, вось ужо насунуліся прысады стрыжаных ёлак... Ружовае жаночае плацце мільганула ў цёмнай зелені, малады твар выглянуў з-пад лёгкіх махровінак парасончыка... Ён пазнаў Кацю, і яна яго пазнала. Аркадзій загадаў фурману спыніць разгарачаных коней, выскачыў з экіпажа і падышоў да яе. «Гэта вы!» прамовіла яна, і па-ранейшаму ўся пачырванела; «пойдземце да сястры, яна тут у садзе; ёй будзе прыемна вас бачыць».

Каця павяла Аркадзія ў сад. Сустрэча з ёю здалася яму асабліва шчасліваю адзнакаю; ён узрадваўся ёй, як роднай. Усё так добра ўладзілася: ні дварэцкага, ні даклада. На павароце дарожкі ён убачыў Анну Сяргееўну. Яна стаяла да яго спіною. Пачуўшы крокі, яна ціхенька павярнулася.

Аркадзій замяшаўся быў ізноў, але першыя словы, якія яна вымавіла, супакоілі яго зараз-жа. «Добры дзень, бягляк!» прагаварыла яна сваім роўным, ласкавым голасам, і пайшла да яго насустрач, усміхаючыся і хмурачыся ад сонца і ветру: «дзе ты яго знайшла, Каця?»

— Я вам, Анна Сяргееўна, — пачаў ён, — прывёз нешта такое, чаго вы ніяк не чакаеце...

— Вы сябе прывезлі; гэта лепш за ўсё.

ХХIII

Правёўшы Аркадзія з насмешлівым шкадаваннем і даўшы яму зразумець, што ён ані не абмыляецца наконт сапраўднай мэты яго паездкі, Базараў запёрся канчаткова: на яго найшла ліхаманка работы. З Паўлам Пятровічам ён ўжо