Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыехалі «маладыя паны»; сам Павел Пятровіч адчуў некаторае прыемнае хваляванне і выбачліва ўсміхнуўся, трасучы рукі прыехаўшых назад дамоў вандроўнікаў. Пайшла гамонка, роспыты; гаварыў больш Аркадзій, асабліва за вячэраю, якая цягнулася далёка за поўнач. Нікалай Пятровіч загадаў падаць некалькі бутэлек партэру, толькі што прывезенага з Масквы, і сам раскуціўся да таго, што шчокі ў яго зрабіліся малінавыя, і ён усё смяяўся нейкім ні то дзіцячым, ні то нервічным смехам. Усеагульная ўзнятасць перайшла і на прыслугу. Дуняша бегала ўзад і ўперад, як ачмураная, і раз-по-раз ляпала дзвярыма; а Пётр нават а трэцяй гадзіне ночы ўсё яшчэ пнуўся сыграць на гітары вальс-казак. Струны жаласна і прыемна гучэлі ў непарушным паветры; але, за выключэннем невялікай першай фіярытуры, нічога не выходзіла ў адукаванага камердынера; прырода адмовіла яму ў музычнай здольнасці, як і ва ўсіх другіх.

А між тым жыццё не надта прыгожа складвалася ў Мар’іне, і беднаму Нікалаю Пятровічу даводзілася дрэнна. Клопаты па ферме раслі з кожным днём — клопаты тлумныя і бязрадасныя. Вазня з наёмнымі работнікамі рабілася нясцерпнаю. Адны патрабавалі разліку альбо прыбаўкі, другія адыходзілі, забраўшы задатак; коні хварэлі; збруя гарэла, як на агні; работы выконваліся нядбайна; выпісаная з Масквы малатарная машына аказалася непрыгоднаю па свайму цяжару; другую з першага разу сапсавалі; палова скаціннага двара згарэла з таго, што сляпая баба з дваровых у ветранае надвор’е пайшла з галавешкай абкурваць сваю карову... праўда, як упэўняла тая-ж баба, уся бяда вышла з таго, што барыну ўздумалася заводзіць нейкія нябывалыя сыры і малочныя скопы. Кіраўнічы раптам абгультаіўся і нават пачаў таўсцець, як таўсцее кожны рускі чалавек, які трапіў на «вольныя харчы». Убачыўшы здалёк Нікалая Пятровіча, ён, каб паказаць сваю стараннасць, кідаў трэскай у прабягаўшае міма парася альбо трос кулаком на поўголага хлапчука, а, урэшце, больш усё спаў. Пасаджаныя на аброк мужыкі не ўносілі грошай у тэрмін, кралі лес; амаль кожную ноч вартаўнікі лавілі, а часам з бою забіралі сялянскіх коней на сенажацях «фермы». Нікалай Пятровіч вызначыў быў грашовы штраф за патраву, але справа звычайна канчалася тым, што, пастаяўшы дзень альбо два на панскім карму, коні варочаліся да сваіх уласнікаў. Да ўсяго гэтага, мужыкі пачалі паміж сабою сварыцца: браты патрабавалі раздзелу, жонкі іх не маглі ўжыцца ў адным доме; раптоўна ўзнімалася бойка, і усё