Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну але, свяшчэннік; ён у нас... есці будзе... Я гэтага не чакаў і нават не раіў... але неяк так вышла... ён мяне не зразумеў... Ну, і Арына Влас’еўна... Прытым-жа, ён у нас вельмі добры і разважлівы чалавек.

— Ён-жа маёй порцыі за абедам не з’есць? — спытаўся Базараў.

Васілій Іванавіч засмяяўся.

— Злітуйся, што ты!

— А больш я нічога не патрабую. Я з усякім чалавекам гатоў за стол сесці.

Васілій Іванавіч паправіў свой капялюш.

— Я быў наперад упэўнены, — прамовіў ён, — што ты вышэй усякай прыхамаці. На што вось я — стары, шэсцьдзесят другі год жыву, — а і я яе не маю. (Васілій Іванавіч не асмеліўся прызнацца, што ён сам захацеў малебна... Набожным ён быў не менш за свою жонку.) А айцу Аляксею вельмі хацелася з табой пазнаёміцца. Ён табе спадабаецца, ты ўбачыш. Ён і ў картачкі не ад таго каб пагуляць, і нават... але гэта між намі... люлечку курыць.

— Што-ж? мы пасля абеда засядзем у ералаш, і я яго абыграю.

— Хе-хе-хе, паглядзім. Бабка надвое гадала.

— А што? Хіба даўніну ўспамянеш? — прамовіў з асаблівым націскам Базараў.

Бронзавыя шчокі Васілія Іванавіча цмяна пачырванелі.

— Як табе не сорам, Еўгёній... Што было, тое прайшло. Ну, ды я гатоў вось перад імі прызнацца, меў гэтую слабасць у маладосці — праўда; ды і адцярпеў-жа я за яе! Аднак, як горача. Дазвольце падсесці да вас. Я-ж не перашкаджаю?

— Ніколькі, — адказаў Аркадзій.

Васілій Іванавіч крэкчучы апусціўся на сена.

— Нагадвае мне ваша цяперашняе логава, гасудары мае, — пачаў ён, — маё ваеннае, бівуачнае жыццё, перавязачныя пункты, таксама дзе-небудзь каля стога гэтак, і то яшчэ дзякуй богу. Ён уздыхнуў. — Шмат, шмат я зазнаў на сваім вяку. Вось, напрыклад, калі дазволіце, я вам раскажу цікаўны эпізод чумы ў Бесарабіі...

— За які ты атрымаў Владзіміра? — падхапіў Базараў. — Ведаем, ведаем... Дарэчы, чаму ты яго не носіш?

— Я-ж табе казаў, што не маю прымхаў, — прамармытаў Васілій Іванавіч (ён толькі напярэдадні загадаў спароць чырвоную істужачку з сурдута) і ўзяўся расказваць эпізод чумы. — А ён-жа заснуў, — шапнуў ён раптам Аркадзію, паказваючы на Базарава і добрадушна падміргнуўшы. — Еўгеній, — дадаў ёй голасна. — Пойдзем абедаць...