Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Айцец Аляксей, мужчына самавіты і поўны, з густымі, старанна расчосанымі валасамі, з вышытым поясам на ліловай шаўковай расе, аказаўся чалавекам вельмі спрытным і дасціпным. Ён першы паспяшаўся паціснуць руку Аркадзію і Базараву, як-бы разумеючы загадзя, што ім непатрэбна яго блаславенне, і наогул трымаў сябе вольна. І сябе ён не выдаў, і другіх не зачапіў; дарэчы пасмяяўся з семінарскай латыні і заступіўся за свайго архірэя; дзве чаркі віна выпіў, а ад трэцяй адмовіўся; прыняў ад Аркадзія сігару, але курыць яе не стаў, кажучы, што павязе яе дамоў. Не зусім прыемна было тое толькі ў ім, што ён раз-по-раз павольна і асцярожна ўзнімаў руку, каб лавіць мух у сябе на твары, і пры гэтым часам душыў іх. Ён сеў за стол з умераным выказваннем задавальнення і скончыў тым, што абыграў Базарава на 2 р. 50 к. асігнацыямі: у доме Арыны Влас’еўны і ўяўлення не мелі аб рахубе на срэбра... Яна па-ранейшаму сядзела каля сына (у карты яна не гуляла), па-ранейшаму падпіраючы шчаку кулачком, і ўставала толькі за тым, каб загадаць падаць якую-небудзь новую яду. Яна баялася лашчыць Базарава, і ён не падбадзёрваў яе, не выклікаў яе на ласкі, пры тым-жа і Васілій Іванавіч параіў ёй не вельмі яго «турбаваць».- «Маладыя людзі да гэтага не ахвотнікі», казаў ён ёй (няма чаго гаварыць, які быў утой дзень абед: Цімафеіч уласнаю персонаю скакаў на цямку яшчэ па нейкую асаблівую чэркаскую ялавічыну; стараста ездзіў у другі бок па мянтузы, яршы і ракі; за адны грыбы бабы атрымалі 42 капейкі меддзю); але вочы Арыны Влас’еўны, неадступна ўтаропленыя на Базарава, выражалі не адну адданасць і пяшчоту: у іхвідаць быць і журба, змешаная з цікаўнасцю і страхам, відаць быў нейкі пакорлівы дакор.

Урэшце, Базараву было не да таго, каб разбірацца, што іменна выражалі вочы яго маткі; ён рэдка зварачаўся да яе, і то з кароценькім запытаннем. Раз ён папрасіў у яе руку «на шчасце»; яна ціхенька паклала сваю мяккую ручку на яго жорсткую і шырокую далонь.

— Што, — спыталася яна, счакаўшы трохі, — не дапамагло?

— Яшчэ горш пайшло, — адказаў ён з нядбайлівай усмешкай.

— Вельмі ўжо яны рызыкуюць, — як-бы з жалем вымавіў айцец Аляксей і пагладзіў сваю прыгожую бародку.

— Напалеонаўскае правіла, бацюшка, напалеонаўскае, — падхапіў Васілій Іванавіч і пайшоў з туза.

— Яно-ж і давяло яго да вострава святыя Елены, — прамовіў айцец Аляксей і пакрыў яго туза козырам.