Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

скіх вачэй, — нічога. Але ты са мной не зладзіш… Я цябе зараз за горла…

Базараў растапырыў свае доўгія і жорсткія пальцы… Аркадзій павярнуўся і прырыхтаваўся, як-бы жартуючы, супраціўляцца… Але твар яго друга здаваўся яму такім злавесным, такая нежартаўлівая пагроза здалася яму ў крывой усмешцы яго губ, у запаленых вачах, — што ён адчуў мімавольную палахлівасць…

— А! вось вы куды забраліся! — пачуўся ў гэты момант голас Васілія Іванавіча, і стары штаб-лекар з’явіўся перад маладымі людзьмі, апрануты ў палатняны пінджак хатняй работы і з саламяным, таксама хатняй работы, капелюшом на галаве. — Я вас шукаў, шукаў… Але вы добрае выбралі месца і надзвычайнаму аддаецеся занятку. Лежачы на «зямлі», глядзець у «неба»… Ведаеце, у гэтым ёсць нейкае асаблівае значэнне!

— Я гляджу ў неба толькі тады, калі хачу чыхнуць, — прабурчэў Базараў і, звярнуўшыся да Аркадзія, дадаў упоўголас: — Шкода, што перашкодзіў.

— Ну, годзе, — шапнуў Аркадзій і паціснуў крадком свайму другу руку.

Але ніякая дружба доўга не вытрымае такіх сутычак.

— Гляджу я на вас, мае юныя субяседнікі, — гаварыў між тым Васілій Іванавіч, ківаючы галавой і абапіраючыся складзенымі накрыж рукамі на нейкую хітра перакручаную палку ўласнага вырабу, з фігураю турка заместа балдавешкі, — гляджу, і не магу не любавацца. Колькі ў вас сілы, маладосці самай квітлівай, здольнасцей, талентаў! Проста… Кастор і Палукс[1]!

— Вунь куды — у міфалогію рынуў! — прамовіў Базараў. — Адразу відаць, што ў свой час моцны быў лацініст! Ты-ж, помніцца, срэбны медаль за працу гэтага парадку, — атрымаў, — а?

— Дыёскуры, Дыёскуры! — паўтарыў Васілій Іванавіч.

— Аднак, годзе, бацька, — не ўпадай у расчуленасць.

— За гэткі час разок можна, — прамармытаў стары. — Урэшце, я вас, панове, адшукаў не з тым, каб гаварыць вам кампліменты, але з тым, каб, па-першае, далажыць вам, што мы хутка абедаць будзем, а па-другое — мне хацелася папярэдзіць цябе, Еўгеній… Ты разумны чалавек, ты ведаеш людзей і жанчын ведаеш, і значыцца прабачыш… Твая матухна малебен адслужыць хацела, з прычыны твайго прыезду. Ты не думай, што я клічу цябе прысутнічаць на гэтым малебне; ужо ён скончаны; але айцец Аляксей…

— Поп?

  1. Блізняты. Дыёскуры, Кастор і Палукс, паводле старарымскіх вераванняў абаронцы, заступнікі юнацтва.