нарэшце не сцярпеў: нагнуўся да Аркадзія і пацалаваў яго ў плячо.
— Вы мяне зусім ашчаслівілі, — прамовіў ён, не перастаючы ўсміхацца, — я павінен вам сказаць, што я... дабезвачы шаную майго сына; пра маю старую я ўжо не кажу: вядома — маці! — але я не асмельваюся пры ім выказваць свае пачуцці, таму што ён гэтага не любіць. Ён вораг усяго гэтага; шмат хто яго нават ганіць за такую цвёрдасць яго норава і бачыць у ёй знак гордасці альбо нячуласці; але гэткіх як ён людзей не прыходзіцца мераць звычайным аршынам, праўда? Ды вось, напрыклад, другі на яго месцы цягнуў-бы ды цягнуў з сваіх бацькоў; а ў нас, ці паверыце, ён з роду лішняй капейкі не ўзяў, яй богу!
— Ён бескарыстоўны, сумленны чалавек, — заўважыў Аркадзій.
— Іменна, бескарыстоўны. А я, Аркадзій Нікалаіч, не толькі дабезвачы шаную яго, я гарджуся ім, і ўся мая ганарлівасць у тым, каб з часам у яго біяграфіі стаялі наступныя словы: «сын простага штаб-лекара, аднак, які рана ўмеў разгадаць яго і нічога не шкадаваў для яго выхавання...» Голас старога перарваўся.
Аркадзій сціснуў яму руку.
— Як вы думаеце, — спытаўся Васілій Іванавіч пасля некаторага маўчання, — ён-жа не на шляху медыцынскай дзейнасці дасягне той славы, якую вы яму прарочыце?
— Зразумела, не на шляху медыцынскай дзейнасці, хоць ён і тут будзе з першых вучоных.
— На якім-жа, Аркадзій Нікалаіч?
— Гэта цяжка сказаць цяпер, але ён будзе славуты.
— Ён будзе славуты! — паўтарыў стары і задумаўся.
— Арына Влас’еўна загадалі прасіць чай піць, — прагаварыла Анфісушка, праходзячы міма з вялізным блюдам спелых малін.
Васілій Іванавіч схамянуўся. — А халодныя сліўкі да малін будуць?
— Будуць.
— Ды халодныя, глядзі! Не цырамоньцеся, Аркадзій Нікалаіч, — бярыце болей. Што-ж гэта, Еўгеній не ідзе?
— Я тут, — пачуўся голас Базарава з Аркадзіевага пакоя.
Васілій Іванавіч шпарка павярнуўся. — Ага! ты захацеў наведаць свайго прыяцеля, але ты спазніўся, amice[1], і мы мелі ўжо з ім доўгую гутарку. Цяпер трэба ісці чай піць: маці кліча. Дарэчы, мне трэба з табой пагаварыць.
— Аб чым?
- ↑ Друг.