дзілася. Усё гэта я раблю gratis[1] анамацёр[2]. Урэшце, мне не ў навіну: я-ж плебей, homo novus — не з стаўбовых[3], не тое, што мая дружына... А ці не хочаце завярнуць сюды ў цень, удыхнуць перад чаем ранішнюю свежасць.
Аркадзій вышаў да яго.
— Добрага здароўя яшчэ раз! — прамовіў Васілій Іванавіч, прыкладаючы па-ваеннаму руку да замусоленай ярмолкі, якая прыкрывала яго галаву. — Вы, я ведаю, прывыклі да раскошы, да асалод, але і вялікія свету гэтага не грэбуюць правесці кароткі час пад страхою халупы.
— Злітуйцеся, — узрушыўся Аркадзій, — які-ж я вялікі свету гэтага? І да раскошы я не прывык.
— Дазвольце, дазвольце, — сказаў на гэта з далікатнай грымасаю Васілій Іванавіч. — Я хоць цяпер здадзены ў архіў, а таксама пацёрся ў свеце — пазнаю птушку па палёту. Я таксама псіхолаг па-свойму і фізіягнаміст. Каб не меў я гэтага, асмелюся сказаць, дара — даўно-б я загінуў; зацерлі-б мяне, маленькага чалавека. Скажу вам без кампліментаў: дружба, якую я заўважаю паміж вамі і маім сынам, мяне шчыра радуе. Я зараз бачыўся з ім; ён, па свайму звычаю, вам, напэўна, вядомаму, усхапіўся вельмі рана і пабег па наваколлю. Дазвольце пацікавіцца, — вы даўно з маім Еўгеніем знаёмы?
— З сёлетняй зімы.
— Так-с. І дазвольце ў вас яшчэ спытацца, — але ці не прысесці нам? — дазвольце ў вас запытацца, як бацьку, з усёю шчырасцю: якой вы думкі пра майго Еўгенія?
— Ваш сын — адзін з самых выдатных людзей, з якімі я калі-небудзь сустракаўся, — з жвавасцю адказаў Аркадзій.
Вочы Васілія Іванавіча раптоўна раскрыліся, і шчокі яго слаба ўзгарэліся. Рыдлёўка вывалілася з яго рук.
— Значыцца, вы думаеце, — пачаў ён...
— Я ўпэўнены, — падхапіў Аркадзій, — што сына вашага чакае вялікая будучыня, што ён уславіць ваша імя. Я пераканаўся ў гэтым з першай нашай стрэчы.
— Як... як гэта было? — ледзьве прагаварыў Васілій Іванавіч. Узнёслая ўсмешка рассунула яго шырокія губы і ўжо не сыходзіла з іх.
— Вы хочаце ведаць, як мы сустрэліся?
— Але... і наогул.
Аркадзій пачаў расказваць і гаварыць пра Базарава яшчэ з большым запалам, з большым захапленнем, як у той вечар, калі ён танцаваў мазурку з Одзінцовай.
Васілій Іванавіч яго слухаў, слухаў, смаркаўся, качаў насоўку у абодвух руках, кашляў, кудлачыў валасы — і