Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Тут ёсць мужычок, ён хварэе на іктэр...

— На жаўтуху?

— Але, на хранічны і вельмі ўпарты іктэр. Я прапісваў яму цвінтарэй і святаянскае зелле, моркву прымушаў есці, даваў соду; але гэта ўсё паліятыўныя сродкі; трэба што-небудзь больш рашучае. Ты хоць і смяешся з медыцыны, а я ўпэўнены, можаш зрабіць мне путную параду. Але пра гэта гутарка наперадзе.

А цяпер пойдзем чай піць.

Васілій Іванавіч жвава ўсхапіўся з лаўкі і запеў з Роберта[1]:

Закон, закон, закон себе поставим
На ра... на ра... на радости пожить!

— Надзвычайная жывучасць! — прагаварыў, адходзячы ад акна, Базараў.

Надышоў поўдзень. Сонца пякло з-за тонкай заслоны шчытных белаватых воблакаў. Усё маўчала: адны пеўні заўзята пераклікаліся на вёсцы, наводзячы на кожнага, хто іх чуў, дзіўнае адчуванне дрымоты і нуды; ды недзе высока ў вярхушцы дрэў звінеў плаксівым заклікам несціханны піск маладога каршака. Аркадзій і Базараў ляжалі ў цяні невялікага стога, падаслаўшы, пад сябе ахапкі дзве шумліва-сухой, але яшчэ зялёнай і пахучай травы.

— Тая асіна, — загаварыў Базараў, — нагадвае мне маё дзяцінства; яна расце на краі ямы, што засталася ад цаглянага хлява, і я ў той часбыў упэўнены, што гэта яма і асіна ўладалі асаблівым талісманам: мне ніколі не было каля іх нудна. Я не разумеў тады, што я не нудзіўся, таму што быў дзіцем. Ну, цяпер я дарослы, талісман не мае сілы.

— Колькі ты часу правёў тут усяго? — спытаўся Аркадзій.

— Гады два без перапынку; потым мы наязджалі. Мы вялі вандроўнае жыццё; больш усё па гарадах валэндалі.

— А дом гэты даўно стаіць?

— Даўно. Яго яшчэ дзед пабудаваў, бацька маёй маткі.

— Хто ён быў, твой дзед?

— Чорт яго ведае. Секунд-маёр нейкі. Пры Сувораве служыў і ўсё расказваў пра пераход праз Альпы. Маніў, напэўна.

— Я гляджу, што ў вас у гасцінай партрэт Суворава вісіць, А я люблю такія дамкі, як ваш, старэнькія ды цёпленькія; і пах у іх нейкі асаблівы.

— Лампадным маслам аддае ды доннікам, — вымавіў, зяхаючы, Базараў. — А што мух у гэтых мілых дамках... Фа!

  1. „Роберт-д‘ябал“, опера Майербера (1831).