Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жаўнеры — усё гэта прышло раптам да ягонае сьвядомасьці. У хаце гарэла лямпа, гучэла ўся вёска.

Стары Няміра ўстаў з лавы. Салдат загадаў яму ня кратацца з месца: яго злавілі за вёскаю апоўначы і ўсялякая падазронасьць была на яго. Гэтак яго неўзабаве і вывелі з хаты. Цягавіты стары, каб прышлося, перамог-бы яшчэ сваю ўтому пасьля цяжкае дарогі і прайшоў-бы яшчэ адным махам з пяцьдзесят кілёмэтраў, але тут задушыла яго трывога: ён зусім зьвяў. Ён цяпер ішоў гэтак няроўна і нязграбна нейк, што чапляўся, небарак, нагамі за кожную няроўнасьць. Жаўнер убачыў тут нейкі манэўр і пагнаў яго прыкладам, не даючы агледзецца. Яго прыгналі туды, куды зганялі ўсіх мужчын — у крайнюю хату. На парозе ў сенцы стары спатыкнуўся, тулава яго падалося назад. Жаўнер, бачачы ва ўсім хітрасьць ворага, штурхануў яго наперад і стары ўпаў.

З гэтае хвіліны ён абнямог зусім. Ён бачыў яшчэ, што ў хаце, пры сьвятле лямпы, цесна, шмат мужчын суседзяў, што ўсё гэта мітусіцца ў яго ваччу, кудысьці падае, падае. Ён ледзьве сеў на лаву і ўсьпёрся на стол. Уваччу яго стала цёмна.

Тым часам людзей назганялі паўнюткую хату. Нахапіўся дзень. Салдат была поўная вёска. Вартавыя вайскоўцы стаялі на ўсіх дварох і навокал вёскі. Стары Няміра ляжаў на лаве. Хтосьці падлажыў яму пад галаву нейкую вопратку, ён ня чуў як увайшоў у хату офіцэр і паўпісваў усіх у паперу. А пасьля, як ужо добра ўднела, зьявіўся ў хату высокі чалавек у фрэнчы з рудога аксаміту. Рыжыя вусы яго прабірала сівізна. Каб быў тут Леапольд Гушка, ён пазнаў-бы таго самага аконама, што калісьці прагнаў яго з панскага парабкоўства. Аконам пасівеў, пастарэў; Гушка ужо даўно ня бачыў яго. Аконам узяў з офіцэрскіх рук паперу і паадзначаў там алавіком прозьвішчы некаторых. Іх было чалавек дваццаць. Туды папаў і Няміра. Аконам сказаў:

— Гэта самыя верхаводы. Гэта бальшавікі.

Пасьля ён заўважыў на лаве Няміру:

— А ў гэтага сын самы першы ў маёнткі палез, як толькі рэвалюцыю сваю бальшавікі зрабілі. Дзе твой сын?

Няміра ня чуў. Хтосьці адказаў за яго:

— Ягонага сына змабілізавалі як яшчэ бальшавікі тут былі.

— Ведаю як яго змабілізавалі! Чаму-ж ён не астаўся дома, як з хутароў усе хлопцы дома?