Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

—Я ведаю, — затрапятаўся стары, ажывіўшыся, забываючы ўтому.

— Ідзі, стары, дадому. Асьцярожна ідзі. Але сьмела ідзі. Нікому і знаць не падавай, што мяне бачыў і гаварыў са мною. Ідзі сабе…

І стары пайшоў.

Было ля поўначы. Над лесам расла цёплая хмара. Чорна было, ён ледзьве бачыў як шарэе ў яго пад нагамі роўная шырыня старога гасьцінцу.



2. СТАРЫ ЯВІЎСЯ ДАДОМУ

Усё-адно як ведаў ён наперад што гэтак будзе. Рэшту дарогі прайшоў ён шпарка, утомленыя ногі несьлі яго як ветрам. Не даходзячы з паўкілёмэтра якога да вёскі, ён прыпыніўся і прыслухаўся, ці ня чуваць чаго. Але было ціха. І ён рушыў далей. Ён прайшоў паўзагуменьні, проста з поля да агародаў. Як мінуў ён платы і вышаў на загуменную дарогу, ён сам сябе стараўся ўпэўніць, што ўсё тут ціха і спакойна. Ён быў змучаны і цяпер толькі адчуў як аж адрантвела ягонае цела за гэтую дарогу.

— Рэнце до гуры — як з грому ляснула проста перад ім.

Было цераз поўнач. Нізка вісла чорная хмара. Спрабаваў сеяцца цёплы веснавы дождж. Ён ледзьве распазнаў перад сабою чалавечую постаць. Ён адразу ўскінуў рукі ўгару. Польскі салдат трымаў перад грудзьмі яго штых. Падышоў другі, засьвяціў яму ў вочы электрычным ліхтарыкам, павыварочваў яму ўсе кішэні і пагнаў перад сабою. Ён яшчэ ня ведаў дзе яго падзець. Стары пайшоў проста да свае хаты. Салдаты стаялі густа па ўсёй вёсцы і навокал яе. Яны падышлі ціха, ціха пасталі і ніхто яшчэ нічога ня ведаў. Стары Няміра быў ужо ў сваёй хаце, як вёска пачала абуджацца. Дзесьці загаварылі людзі, дзесьці закрычалі і толькі цяпер дзесьці пачулася вайсковая каманда. Стары Няміра сядзеў на лаве як анямелы. Хто быў у хаце — старая, Марылька, дзіця — здавалася яму не пазналі яго, ці гэта ён іх. Усё было як у тумане. Пасьля дзесьці крычалі людзі, пасьля плакаў Марыльчын хлапчук, утаймоўвала яго Марылька, галасіла старая, стралялі на вуліцы