Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І тут аконам ўспомніў:

— А дзе-ж Гушка? Нешта я яго ня бачу.

І ён яшчэ раз акінуў вачыма хату. Офіцэр запытаўся ў яго пра каго ён пытае. Аконам вышаў з офіцэрам з хаты. Неўзабаве пасьля гэтага трое вайсковых коньнікаў кінуліся за вёску цераз гасьцінец да каржакаватага хвойніку. Трухлявая Гушкава хата, з мокраю ад дажджу, растрыбушанаю саламянаю страхою, стаяла маўкліва, уся ўехаўшы ў зямлю. Коньнікі ў хаце нікога не знайшлі. Хаціна была пустая — замок вісеў на дзьвярах. Што там пільнаваў гэты замок? Старшы коньнік падскочыў да вакна. Ён убачыў венік пасярод хаты, нявыбранае сьмецьце і больш нічога. Ён скамандваў ехаць. Яны аб’ехалі навокал хаты шмат хвойніку і, нікога не спаткаўшы, рушылі назад у вёску. Як выяжджалі на поле, на сьцежцы пад ялінамі ўбачылі старую жанчыну. Зусім сівая, з пачырванелымі ад бессані вачыма, з растрапанымі з пад хусткі валасамі, яна баязьліва хацела схавацца за дрэвы, кінуўшыся ўбок са сьцежкі. Гэтага руху яе вайскоўцы, відаць, не заўважылі, яны заўважылі, што яна як-бы яна нахіроўвалася ў бок вёскі. Яе аглушылі крыкам. Яна як магла, пачала хітрыць: пачала выдумляць што яна ідзе «з тэй унь вёскі, што за лесам, і выходзіць на гасьцінец. А ідзе яна ў горад даведацца сына, што працуе там на лесапільні…» Сын яе, праўда, працаваў ля гораду на лесапільні, але яго ўжо там ня было. І яна зусім ня была з тэй вёскі, пра якую ўспамінала цяпер. Вайскоўцы паверылі ёй, ці не, але прагналі яе крыху перад сабою, пасьля, бачачы што яна ледзьве ідзе, прышпорылі коні і мінулі яе, а яна адна асталася на полі і як мага засьпяшалася назад у лес. Босымі нагамі ступала яна па мяккай зямлі, бачыла, як сонца раптам вышла з-за хмары, як хмара растае на досыць высокім ужо небе, як раніца ясьнее, як сьвет робіцца шырокі, зелянее трава, вецер сушыць дрэвы… Яна пайшла шпарчэй, нясучы ў сабе радасьць свае адзіноты, пасьля таго як вайсковыя людзі з нагайкамі і карабінамі згінулі ад яе. Вачыма сваімі яна абнімала сьвет, і яснае неба, і маладое сонца, і звыклыя гэтыя за жыцьцё каржакаватыя хвоі навокал. Раптам яна ўспомніла, і як-бы ў ваду ўпала яе ўдзячнасьць камусьці за гэты спакой. Яна подбегам падышла да старое хаціны на ўзьлеску, дастала аднекуль з нетраў свае, усё-адно як старэчае, адзежы, ключ, адамкнула хату, баязьліва паглядзела ў акно, прыслухалася, ці ня чуваць чаго і пачала завіхацца. Твар яе быў