Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І стары сьмёла сказаў: — …дык нашы хлопцы, між намі кажучы, узялі і падпалілі маёнтак. І гумно, і сьвірны. Ня усе ведаюць і з нашых людзей хто і як. От што… А што рабіць? Хоць сапсаваную кроў з душы сагнаць. Пасьля гэтага хлопцы некаторыя зусім з дому зьніклі. Па лясох туляюцца, што ты зробіш!.. Дык як я выяжджаў з дому, дык што тады было! Чакалі з дня на дзень жаўнераў і поліцыянтёў з гораду — браць людзей нашых на сьледзтва за спалены маёнтак. Пра гэта нашы людзі нейк-жа дазналіся. Гэтакі страх найшоў на людзей, што баяліся мужчыны начаваць дома. Што гэта будзе, божа мой, божа! Вядома, што тут Мазавецкі свайго з Сурвілам не папусьцяць — латва, Мазавецкі сам войт, што хоча тое і зробіць… Можа ўжо там няма мне куды варочацца, можа адны галавешкі кураць. Што, паны маюць якую-небудзь літасьць да нашага чалавека?.. Божачка мой, няхай-бы яна была калом пайшла гэтая зямля. Што было за царскаю Расіяй яшчэ пачалося, дык цяпер пад Польшчаю ўглыб пайшло: ніяк ня вылузаецца з хамута. Яшчэ цясьней стала ў ярме. З старэчаю торбаю па сьвеце пускаюць… Праз каторы год, ад цара яшчэ справа гэтая з зямлёю душыць нас і рады проста няма…

— А якое ты хочаш, чалавеча, рады? Каб табе яе хто прынёс гатовую? Бальшавікі як прыдуць, то табе будзе і рада тут. Сам сабе рабі гэтую раду… А ў вас там яшчэ гэтыя дні пакуль было спакойна. Я быў там гэтымі днямі ў вашым баку. Мо’ хіба ўчора, ці сёньня. Я нічога ня чуў цяпер.

— Ды што рабіць? — разьвёў рукамі стары, яшчэ падаючыся бліжэй да чалавека. Сэрцам сваім ён пачуў тут нейкую абарону.

— Што рабіць? Пратрымацца як трэба. Ня доўга ўсё гэта будзе. Бараніцца самім трэба.

— Бараніцца? Мы-ж і баронімся. Я-ж кажу, хлопцы нашы, як маёнтак згарэў, у лесе і асталіся… Ну… а я… стары, не магу…

— Я ведаю, што хлопцы вашы ня дома. Я з імі некаторымі бачыўся…

— Дзе бачыўся. А сынок мой!..

Стары разгледзеў ужо, што перад ім малады хлапец.

— Можа яшчэ і больш, чалавеча, па дарозе гэтак як мяне каго спаткаеш. Дык ня бойся, гэта свае. Але ў гаворку лішне не падавайся. Бо можа і на чужога натрапіш.