Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пагналі. От я і ехаў, пакуль каня на сьмерць не заезьдзілі. Драбіны таксама раскідаліся. Адно гэтыя іржавыя цуглі і засталіся… Дык каб-жа гэта адно! А то сэрца маё неспакойнае. Як выяжджаў з дому, дык там цэлы рэзрух пакінуў. Бо я-ж казаў, што гэтулькі знайшлося асэсараў, як толькі палякі прышлі, што кожнаму мы, усёй вёскаю, вінаватыя то таго, то гэтага, то за гэтае, то за тое, асталіся. Тут першы пан з-пад гарадка. А пры ім ужо і Сурвіла з Мазавецкім к сабе цягнуць. Там бо яшчэ нейкі чорт, ці ня той самы, што вітаў некалі Вільгэльма, Пілсудзкага прывітаў у Менску, на нашу ўсё галаву ўсе гэтыя іхнія вітаньні. Дык тут гэтым двум нашым асэсарам гэта як маслам па нырках. Сам Мазавецкі цяпер дома мала калі сядзіць, усё ў гміне, а як прыяжджае, дык і пачынае — мы, кажа, беларусы. Ну добра, мы беларусы. Ты, значыцца, беларус, ну дык і я-ж беларус. Дык чаму-ж ты на мне конна езьдзіш? А мой Павал не беларус, што недзе ў чырвонай арміі ваюе? Так я падумаў сабе. Ды так, мусіць, сказаць і усе нашы людзі думалі, бо ніхто і пальцам не крануў, каб пайсьці рабіць Сурвілаву і Мазавецкаму за старыя там даўгі, за процанты. Таксама і ў двор не хацелі ісьці пану рабіць, усю вясну салдаты ганялі. Пазаганяюць, а там пакоўзаюцца нашы людзі па полі, а пасьля ходу дадому. Ведама, сваё дома ня роблена астаецца, а тут пану рабі, ўсё-адно як паншчына тая вярнулася. Цэлую вясну гэтак валатузіліся, а пасьля — праз гміну ўсё пачало рабіцца, тут пэўна рука і нашых гэтых двух асэсараў прычынілася — жандараў наслалі на нас. Нібыта за панскі маёнтак гэта, але разам сюды і Сурвілава з Мазавецкім справа прыблытана. Парасьцягалі ўсё, да апошняй ніткі ўсё пазабіралі, каровы з хлявоў у маёнтак пазаганялі, народ пазьбівалі. А праз некалькі дзён суд — прысудзілі зараз-жа і адразу выплаціць Мазавецкаму і Сурвілу і доўг, і процанты. А процантаў гэтых гэтулькі нарасло, што больш як таго доўгу, як усяе тае зямлі, каб яе ўжо нечага ня бачыць. Дык з чаго ты тутака будзеш выплачваць? Зноў ніхто нават і не паварушыўся. Ні хлеба, ні жывёлы, усё ў пана апынулася. Тут, сказаць праўду, людзі на ўсё пайшлі. Што бог ні дасьць. Што траціць асталося нашым людзям? Сказаць праўду…

Тут стары пільна агледзеў чалавека пад бярозаю, падступіў на паўкрока бліжэй, каб яшчэ раз убачыць, што гэта сапраўды ў яго стрэльба прытулена да боку пад рукою — чалавек у лапцях, з стрэльбаю, гаворка тутэйшая, ну вядома, тут справа ясная…